Прафесійнае замацаванне. Што патрабуецца для замацавання кадраў на вёсцы, дзеляцца жыхары Ляхавіччыны

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня правёў нараду па пытаннях удасканалення работы з кадрамі.

Удасканаленне кадравай работы – гэта складаная шматузроўневая задача, якая датычыцца не толькі вытворчай, але і сацыяльнай сферы. «Не адкрыю Амерыку, калі падкрэслю, што сітуацыя застаецца найбольш стабільнай у калектывах, дзе прымаюцца ўсе магчымыя меры для замацавання кадраў, у тым ліку маладых спецыялістаў», – сказаў Кіраўнік дзяржавы. У частцы замацавання кадраў трэба выкарыстоўваць як каласальны вопыт савецкага перыяду, так і тыя падыходы, якія выпрацаваны на сучасным этапе, упэўнены беларускі лідар.

МЕРКАВАННІ

Алена НАВАЛОЧКА, намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы»:
– Як замацаваць кадры на вёсцы? У нашым сельгаспрадпрыемстве са статусам «маладыя» – ва ўзросце ад 18 да 31 года – працуе 97 чалавек, ці 16 працэнтаў ад усяго калектыву. Галоўнымі фактарамі замацаванасці лічу кар’ерную перспектыўнасць, важкасць сацыяльнага пакета і дастойную заработную плату. Важнае значэнне мае і адпаведная інфраструктура – дзіцячы сад, школа, магазіны.
На першым месцы – бяспечныя і здаровыя ўмовы працы. Для жадаючых маецца добраўпарадкаваны інтэрнат. Таксама раніцай транспарт гаспадаркі дастаўляе работнікаў з райцэнтра, а пасля працы вяртае назад. Маладыя спецыялісты маюць штомесячную даплату ў памеры 46 працэнтаў ад  базавай стаўкі. На працоўным старце
выплачваюцца так званыя пад’ёмныя ў памеры шасці акладаў. Праз тры гады пры ўмове прадаўжэння працы спецыяліст атрымлівае аднаразова выплату ў памеры шасці акладаў. Навічкі ў нашым сельгаспрадпрыемстве працуюць у дружнай камандзе. Традыцыйна за кожным маладым спецыялістам замацаваны настаўнік – больш вопытны спецыяліст, які дапамагае адаптавацца на першым працоўным месцы.
Немалаважнае значэнне надаём і арганізацыі адпачынку: экскурсіі, наведванне музеяў, тэатраў і г. д. Напрыклад, летась пабывалі ў Маскве.
Замацаванню кадраў садзейнічае і прафарыентацыя навучэнцаў школ і мясцовага аграрнага каледжа. Падчас экскурсій па вытворчых аб’ектах гаспадаркі расказваем пра перавагі вясковай працы, сацыяльныя гарантыі і бытавыя ўмовы, сярод якіх забеспячэнне жыллём. Дапамагае папоўніць кадравы склад і арганізацыя на базе гаспадаркі студатрадаў з ліку каляджан. Менавіта яны складаюць пераважную большасць сярод маладых працаўнікоў.
Упэўнена, каб маладыя кадры пасля адпрацоўкі засталіся, з імі трэба працаваць. Тады з’яўляецца жаданне застацца не на час, а назаўсёды.

Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК, дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа:
– Ляхавіцкі аграрны каледж не толькі рыхтуе кадры сельскагаспадарчага профілю, але і трымае на пастаянным кантролі, як уладкаваліся нашы выпускнікі, якія ўмовы для работы і адпачынку створаны. Для нас важна не толькі размеркаваць маладых спецыялістаў, але каб яны замацаваліся на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Менавіта пра гэта гаварыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення кадравай работы. На працягу двух гадоў запар куратары груп трымаюць на кантролі, як выпускнікі-агракаляджане працуюць, разам вырашаюць узніклыя пытанні, іншы раз даводзіцца займацца і пераразмеркаваннем. Вынікі такога кантролю ў абавязковым парадку разглядаюцца на педсаветах у каледжы.
Упэўнена, залежыць і ад работадаўца, наколькі доўга малады спецыяліст затрымаецца на сваім першым працоўным месцы. Калі ў арганізацыі ці на прадпрыемстве зацікаўлены ў работніку, спрыяюць кар’ернаму росту, ствараюць належныя ўмовы, калі ў калектыве пануюць узаемападтрымка, дапамога, ёсць настаўніцтва, калі навічку давяраюць і з разуменнем ставяцца да яго праблем, тады адназначна будзе вынік. Прыкладна трэцяя частка нашых выпускнікоў замацоўваецца на першым працоўным месцы пасля абавязковай адпрацоўкі.