Не заплываць за буйкі. Як правільна і дзе можна купацца ў Ляхавіцкім раёне

Лета ў самым разгары, а пляжны сезон ва ўсёй яго прыгажосці толькі пачынае разгортвацца. Карысць і аздараўленчы эфект адпачынку каля вады можа быць гарантаваны толькі ў выпадках, калі не дазваляць сабе заплывы за буйкі. І ў прамым сэнсе, і ў значэнні строгага выканання правілаў знаходжання на вадзе і прыбярэжнай тэрыторыі.

І адно з тых правілаў дазваляе купанне толькі і выключна ў афіцыйна дазволеных месцах. Для многіх жыхароў Ляхавіччыны гучыць яно дастаткова жорстка, бо на тэрыторыі раёна значыцца ўсяго два такія месцы – вадаём дзіцячага аздараўленчага лагера «Чайка» і ўчастак воднай акваторыі гарадской зоны адпачынку на Ведзьме. Яшчэ летась было трэцяе – кавалачак Шчары непадалёку населенага пункта Дарава. Але на бягучы купальны сезон яно не прайшло акрэдытацыю.
У мінулую пятніцу на зоне адпачынку на Ведзьме можна было заўважыць спецаўтамабілі пажарнай службы.
– Толькі што РАНС завяршылі тут свае вучэнні. На месцы і на практыцы адпрацоўваліся навыкі па выратаванні ўмоўна пацярпелых на вадзе. Былі задзейнічаны неабходныя сілы і сродкі, замацаваны ўменні аператыўна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях. Усё прайшло штатна, яшчэ раз упэўніўся, што раённыя выратавальнікі гатовы дзейнічаць хутка, рашуча, прафесійна. З кіраўніцтвам і спецыялістамі Ляхавіцкага РАНС у Асвода даўняе і цеснае супрацоўніцтва. Практыкай з’яўляюцца правядзенне сумесных рэйдаў, рознага кшталту прафілактычныя гутаркі, выступленні ў калектывах і іншае, – гаворыць старшы матрос-выратавальнік Ляхавіцкага выратавальнага паста Брэсцкага абласнога Асвода Аляксандр Шчаўроўскі.
Пакуль што ён з’яўляецца адзіным прадстаўніком гэтай структуры ў нашым раёне. Згодна са штатам выратавальны пост на зоне адпачынку павінен быць даўкамплектаваны двума матросамі.
– Кандыдаты на пасаду праходзяць праверку як па лініі Асвода, так і абласнога УУС. Мы працягваем знаходзіцца ў пошуку кандыдатур, – адзначае Аляксандр Ігаравіч.
А тым часам у лакацыі пляжнага гарадка з’яўляюцца першыя наведвальнікі. Старшы матрос-выратавальнік накіроўваецца ў бок «пляжнікаў».
– Колькасць наведвальнікаў павяліч-ваецца пасля 14 гадзін, а сам пік пляжнай актыўнасці ў будні здараецца ў другой палове дня, пасля чатырох, – гаворыць Аляксандр Шчаўроўскі.
Наведвальнікаў зоны пляжнага адпачынку становіцца больш. Адны з іх пачынаюць уладкоўвацца на ўсталяваных у паўтара дзясятка метрах ад берагавой лініі лаўках, маюцца тут і кабінкі для пера-адзявання. Штодзённы маніторынг тэмпературы вады і паветра з’яўляецца адным з абавязкаў матроса-выратавальніка. Напрыклад, у наш час у пятніцу актуальнымі былі лічбы 18 і 23 градусы адпаведна.
Бераг гарадской зоны адпачынку добра прыстасаваны і дастаткова абсталяваны пад стандарты пляжнага адпачынку. Межы воднай акваторыі для купання адпачывальнікаў абазначаны буйкамі, заплываць за якія катэгарычна забаронена, на што з’вяртаецца ўвага дзяжурнага выратавальніка. Унутры знаходзіцца «лягушатнік» – абмежаванае з трох бакоў спецыяльнай сеткай месца для купання дзяцей. Пірс заходзіць дастаткова глыбока і для многіх з купальшчыкаў служыць трамплінам для скачкоў у ваду.
На беразе ўсталяваны дзіцячыя «гойдалкі», ёсць вароты для гульні ў міні-футбол.
Сёлета берагавая лінія зоны адпачынку заметна даўпарадкавалася і абнавілася. Балансатрымальнік аб’екта КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» дабавіла наведвальнікам камфорту: быў завезены пясок і амаль удвая пашырана пясчана-пляжная тэрыторыя. Адрамантаваны пірс і спартыўна-гімнастычны гарадок. Вельмі пасуюць, надаюць пляжнаму адпачынку элемент камфорту ўсталяваныя тут шэзлонгі.
Як і кожны год, да прыходу пляжнага цяпла дно воднай акваторыі ў межах зоны адпачынку даследавалі спецыялісты-вадалазы Баранавіцкай выратавальнай станцыі.
Калі ласка, на вадаёмы! Але толькі правільныя і з захаваннем усіх правілаў паводзін.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.