Па дарогах свяшчэннай памяці

22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Дата, якую ў Беларусі ведаюць і памятаюць. Ніколі не забудзем тых, хто абараняў Радзіму і падарыў мірнае сёння.

На Кургане вечнай Славы –  знакавым і свяшчэнным месцы для жыхароў раёна – сабраліся кіраўніцтва раёна, жыхары Ляхавіччыны і яе госці, удзельнікі маладзёжнага міжрэгіянальнага аўтапрабегу «Дарогамі памяці», каб аддаць даніну павагі салдатам-вызваліцелям. Кожнае пакаленне беларусаў ведае і памятае сваю гісторыю: у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў міжраённым аўтапрабегу – дэпутацкі корпус, прадстаўнікі Маладзёжнага парламента Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Удзельнікі аўтапрабегу накіраваліся ў Баранавічы, дзе ўшанавалі памяць герояў нашага часу, усклалі кветкі да мемарыяла ў памяць пра маёра Андрэя Нічыпорчыка і лейтэнанта Мікіту Куканенку.

12.00. Ляхавіччына далучаецца да Усебеларускай мінуты маўчання. Цішыню парушаюць толькі размераныя гукі метранома. Ваеннае ліхалецце прайшлося па кожнай беларускай сям’і. Схіляем нізка галовы перад подзвігам герояў Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікоў тылу, мірнымі жыхарамі, якія загінулі ад рук фашыстаў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі
Людміла Жалнерчык адзначыла, што мы памятаем, для таго, каб захаваць мір і згоду, каб нашы дзеці і праўнукі жылі шчасліва.
Старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч падкрэсліў, што пакуль у нашых сэрцах жыве памяць пра мінулае, будзем жыць і мы, жыць дастойна і свабодна.
Пра тое, што пакаленне нашчадкаў удзячна за мірнае неба, за магчымасць вучыцца і працаваць, гаварылі і маладзёжныя лідары. Ляхавіччына і Баранавіччына памятаюць!


Стройнымі радамі на мітынгу выдзяляюцца калоны выхаванцаў Брэсцкага і Мінскага абласных кадэцкіх вучылішчаў, навучэнцаў СШ №1 г. Ляхавічы. Па традыцыі на світанні юная змена прыняла ўдзел у гісторыка-патрыятычнай акцыі «Нашу памяць не сцяруць гады», прымеркаванай да 82-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ніхто не забыты, нішто не забыта!
І гучыць над мірнай Ляхавіччынай звонкая песня ў выкананні ўдзячных дзяцей, унукаў і праўнукаў – самадзейных таленавітых артыстаў малой радзімы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.