Жыхар Ляхавіцкага раёна нанёс маці менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, вясковец захоўваў каля 90 грамаў пораху… Крымінал. Здарэнні Ляхавіцкага раёна

На парахавой жменьцы

Раённы аддзел СК за незаконнае захоўванне выбуховых рэчываў узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса ў адносінах жыхара раёна. Вясковец 1959 г. н. захоўваў па месцы жыхарства каля 90 грамаў пораху. Праводзіцца расследаванне.

Крадуць… усё

● Невядомы выкраў з могілак агароджу коштам 250 рублёў.
● Жыхар Ляхавіцкага раёна 1956 г. н. залез раніцай у дом і забраў адтуль маёмасць на агульную суму 200 рублёў.
● Жыхар раёна 2002 г. н. пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў адкрыта выкраў у аднавяскоўца бутэльку віна коштам крыху больш за чатыры рублі. Райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 206.
● Баранавічанін 1995 г.н. ехаў вечарам 6 чэрвеня па аўтадарозе Ляхавічы – Баранавічы і прабіў кола. Калі раніцай вярнуўся за легкавым аўтамабілем, то яго не ўбачыў. Устаноўлена, што на транспартны сродак паквапіўся жыхар раёна 2004 г. н., які залез у аўто праз акно, але змог праехаць толькі сотню метраў.
Па факце крадзяжу аўтамабіля ўзбуджана крымінальная справа.

Нічога святога…

Напрыканцы мая РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 149 у адносінах вяскоўца 1977 г. н., які падчас сваркі нанёс маці 1948 г. н. менш цяжкія цялесныя пашкоджанні. Па даным факце праводзіцца расследаванне.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
начальнік РАСК.