На «Поездзе Памяці» ад Брэста да Урала. У патрыятычным праекце прымаюць удзел і ляхавічане

Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа на Брэстчыне стартаваў Міжнародны беларуска-расійскі патрыятычны праект «Поезд Памяці». Рашэннем прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ён мае статус мерапрыемства Саюзнай дзяржавы.

Удзел у сёлетнім падарожжы ўзялі 200 старшакласнікаў. Праект пашырыў геаграфію ўдзельнікаў, акрамя рабят з Беларусі і Расіі да яго далучыліся равеснікі з Арменіі і Кыргызстана. Другі год запар такога права ўдастоены і юныя ляхавічане.

Наш раён прадстаўляе навучэнка СШ № 1 Таццяна Кучук, якая перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны». А кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, настаўнік гісторыі СШ № 2 Віталій Толкач заваяваў права быць выхавальнікам-важатым у такім маштабным праекце.
Днём 21 чэрвеня незвычайны чыгуначны састаў пад папуры ваенных песень урачыста сустрэлі ў Брэсце. У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» быў дадзены старт міжнароднаму праекту. Рабяты ўсклалі кветкі да Вечнага агню і хвілінай маўчання аддалі даніну павагі ўсім загінулым ў гады вайны. Быў уручаны сімвал праекта, які будзе суправаджаць яго ўдзельнікаў на кожным прыпынку маршруту. Юныя патрыёты наведалі «Музей вайны – тэрыторыя міру» і «Музей абароны Брэсцкай крэпасці».
Рабят запрасілі на традыцыйную дыялогавую пляцоўку, дзе гаварылі пра каштоўнасць гістарычнай праўды і памяці. Спікерамі выступілі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Расіі Канстанцін Касачоў.
У ноч з 21 на 22 чэрвеня ўдзельнікі «Поезда Памяці» прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, ушанавалі памяць герояў, якія першымі сталі на абарону нашай агульнай Радзімы. Менавіта там, на Кобрынскім умацаванні, дзе з першых хвілін нападзення гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз нашы войскі трымалі абарону, рэканструктары аднавілі галоўныя эпізоды пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
18 незабыўных, напоўненых падзеямі, сустрэчамі дзён «Поезд Памяці» праедзе ад Брэста да Урала. На маршруце патрыётаў – Гродна, Гомель, Жлобін, Магілёў, Орша, Мінск, пабываюць удзельнікі і ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Фінішуе «Поезд Памяці – 2023» 5 ліпеня ў Маскве.

Галіна КАНЬКО.

Віталій ТОЛКАЧ:
– Як жа шчымліва на душы, калі ў 3 гадзіны 30 хвілін 22 чэрвеня пачаўся мітынг-рэквіем. Такія ўражанні на ўсё жыццё. Не дзіўна, што слёзы былі ў многіх – і ў дзяцей, і ў дарослых. Рэканструкцыя першых гадзін вайны пагружае ў падзеі чэрвеня 1941 года. Разумееш, наколькі важная задача стаіць перад сённяшнімі беларусамі – не дазволіць нікому перапісаць гісторыю. Даволі насычана прайшла дыялогавая пляцоўка. Запомніліся словы Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай: гэтая гісторыя аб’ядноўвае нас, і гэта тое, што мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне і захоўваць у сваіх сэрцах, каб не дапусціць паўтарэння такой жудаснай трагедыі. Рабяты ўважліва слухалі, былі актыўнымі, задавалі разнастайныя пытанні.

Таццяна КУЧУК:
– Бясконца рада, што стала ўдзельніцай такога праекта. Гэта нешта не-рэальнае, нават цяжка ўсвядоміць, ад чаго эмоцый больш. Новыя месцы – новыя веды! Шмат знаёмстваў з такімі цікавымі маладымі людзьмі. Адразу ўсе пасябравалі: нам цікава разам, ёсць што абмеркаваць. Я неаднойчы была ў Брэсцкай крэпасці, на відэа бачыла рэканструкцыю пачатку вайны. Але тое, што адбывалася ў ноч з 21 на 22 чэрвеня 2023 года, не параўнаць ні з чым. Наша задача – зберагчы мір.