Гэта бацька, гэта я і гэта вуліца мая. Адна з вуліц Ляхавічаў носіць імя Аляксандра Астапава. У горадзе жыве яго дачка
Такія словы пра бацьку, вуліцу яго імя, свае адносіны да роднага чалавека мае права сказаць яго дачка ляхавічанка Святлана Аляксандраўна Куркач.


На адным з параўнальна новых жылых кварталаў Ляхавічаў «пасяліліся» знакамітыя і знаёмыя кожнаму імёны. Вуліцы Машэрава, Ерашава, Равінскага і іншыя – усяго каля дзясятка, выбудаваліся паралельна і, быццам бы, у дапаўненне адна другой.
Адна з першых з боку цэнтральнай часткі горада вуліц носіць імя Аляксандра Фядотавіча Астапава – кадравага ваеннага, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Ляхавіччыны, былога рэдактара «Савецкага патрыёта»,
прадаўжальнікам і «вучнем» якога з’яўляецца сённяшні «Ляхавіцкі веснік».
«У тыле ворага правёў вялікую работу па арганізацыі партызанскага руху ў Ляхавіцкім раёне Баранавіцкай вобласці. З абавязкамі камандзіра атрада, начальніка штаба брыгады і адказнага рэдактара газеты «Савецкі патрыёт» спраўляўся», – па-ваеннаму сціплыя радкі з франтавой характарыстыкі на Аляксандра Астапава дакладна раскрываюць маштаб яго асобы.
Пасля вызвалення Ляхавічаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Аляксандр Фядотавіч працягваў рэдагаваць раённую газету. І за 80-гадовую гісторыю выдання, здаецца, гэта быў самы няпросты, ды што там, найбольш складаны час – пасляваенны. Штат складаўся ўсяго з двух работнікаў. Асноўны і адзіны рэдакцыйны транспарт – экалагічна чысты двухколавы, матэрыяльная база – ніякая. Выручалі людзі, якія, магчыма, валодалі не ўсімі сакрэтамі журналісцкай прафесіі, аднак аддавалі справе ўсіх сябе без астатку. Інакш не ўмелі, не жадалі і, як усе людзі, гады жыцця якіх былі абпалены Вялікай Айчыннай, не маглі.
Аляксандр Фядотавіч Астапаў нарадзіўся ў 1911 годзе ў Шумілінскім раёне. Працоўную біяграфію пачынаў у родным калгасе. Быў паляводам, пазней – рахункаводам. З 1933 года знаходзіўся ў Чырвонай Арміі. Напярэдадні вайны ўжо афіцэр Астапаў займаў пасаду камандзіра ўзвода ў Гомельскім ваенна-пяхотным вучылішчы. Вайна для будучага журналіста пачалася ў чэрвені 1941-га, а ўжо ў ліпені ўзводны Астапаў быў «адзначаны» баявым раненнем. У жніўні 1942-га быў назначаны кіраўніком дыверсійнай групы, дыверсійна-разведвальны шлях якой пралягаў па пярэдніх тылах праціўніка.
Дзе б ні быў, ні служыў, ні ваяваў, ні працаваў – Аляксандр Фядотавіч усяго сябе аддаваў служэнню Радзіме.
А па-заслугах – і гонар.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
#РаўненнеНаГерояў



