Маё сэрца прапісалася тут. Гэтыя словы прысвячаю табе, мой родны горад!

Гэтыя словы прысвячаю табе, мой родны горад! З табой звязаны самыя лепшыя ўспаміны, думаю, такія словы блізкія і родныя для тысяч жыхароў. А яшчэ з табой маё сёння і заўтра. Як бы далей ні склаўся лёс, сёння я тут побач з тысячамі землякоў: будую жыццё, знайшла шчасце і любімую работу, без якой не ўяўляю свой дзень!
А вы калі-небудзь задумваліся, што для вас зрабіў родны горад?
Многае! Стрыжнем праз кожны этап жыцця праходзяць Ляхавічы. Тут з маленства спасцігала азы навукі, выхоўвала ў сабе, перш за ўсё, чалавека. І гэта дзякуючы настаўнікам, што былі побач. Я, як і кожны выпускнік, назаўжды захоўваю ў сэрцы раённы баль на галоўнай плошчы Леніна. А вы разумееце, што такой традыцыяй можа пахваліцца не кожны райцэнтр. Як самы дарагі ўспамін берагу ў сэрцы школьны вальс, тут, у цэнтры майго горада. Якімі б дарослымі мы не былі: тут вучыліся сябраваць, тут пацярпелі першыя няўдачы і тут жа адзначыліся першымі перамогамі.
Як не дзіўна, але магнітам цягнула сюды са сталічнай вучобы. Тут бацькоўскі дом, родная вуліца Арлоўскага.
А вы памятаеце сваю родную вуліцую, тых безклапотных хлопчыкаў і дзяўчынак, якім, акрамя гэтых родных ваколіц і сяброўскіх пасядзелак, больш нічога і не трэба было. А гэтыя ўспаміны жывуць тут, у Ляхавічах.
Для мяне Ляхавічы – сталіца маіх інтарэсаў і прафесійнага станаўлення. Ганаруся, што менавіта ў родным горадзе лёс накаваў мне працаваць з лепшымі людзьмі, пазнаёміцца з тымі, хто назаўжды перавярнуў мае погляды на многія рэчы. Колькі талентаў, колькі людзей, за якімі хочацца запісваць кожнае слова. І гэта тут, у Ляхавічах.
Дзякуй, Ляхавічы, што прыгожа гучалі падчас уручэння самай жаданай журналісцкай узнагроды. На ўсю рэспубліку аб’явілі: «Гран-пры «Залатая Ліцера» едзе ў Ляхавічы». Сюды, дзе апантана працуюць «веснікаўцы».
Столькі даводзіцца ездзіць па краіне па працоўных момантах, бачыць шыкоўныя краявіды, але ж сэрца прапісалася тут. Часам здаецца, што адсюль можна кіраваць марамі. Таму на пытанне, што для мяне Ляхавічы, адкажу проста – усё! Мы не задумваемся, але ж роднае месца – гэта тое, што не дае згубіцца па жыцці, тут не заблукаеш. Тут дом, сям’я, любімая работа – тут шчасце. Таму не шукайце шчасце там, дзе яго няма. Яно побач.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.