Знак якасці ад завода-юбіляра. Днямі вытворцы накрывак металічных для шкляных слоікаў — ЗАТ «Металапластмас» — спаўняецца 45 гадоў
Розныя міжнародныя гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі прапаноўваюць накрыўкі металічныя для шкляных слоікаў вытворчасці закрытага акцыянернага таварыства «Ляхавіцкі завод «Металапластмас». Водгукі пакупнікоў зазначаюць: «самыя лепшыя накрыўкі», «толькі іх і купляю», «многія спрабавала ў кансерваванні, але ляхавіцкія – лепшыя».

Днямі «Металапластмасу» спаўняецца 45 гадоў – прыгожы юбілей. Гэта адно з нямногіх прадпрыемстваў раёна, якое на працягу чатырох з паловай дзесяцігоддзяў трывала трымае марку якасці, выпускаючы запатрабаваную прадукцыю. У скарбонцы брэндаў малой радзімы на адзін папулярны ў спажыўцоў тавар больш.
Так, мы адпраўляем нашу прадукцыю не толькі па Беларусі, але і ў Расію, Туркменістан, Малдову, куды ідзе прыкладна 40 працэнтаў выпускаемага тавару. Ніколі не дзелім па якасці прадукцыю для айчынных і замежных пакупнікоў. Праверана часам: калі, хоць раз недапрацуеш з якасцю, попыт спадзе адразу. Каб упэўнена трымацца на рынку і быць канкурэнтаздольным, трэба ісці ў нагу з часам. Таму стараемся ўкараняць новыя тэхналогіі ў вытворчасць, – адзначае дырэктар завода «Металапластмас» Генадзій Маліхтаровіч.
Сёння прадпрыемства – гэта 80 работнікаў, задзейнічаных на розных участках. І на кожным аб’екце працуюць профі сваёй справы. Увогуле, адданасць прадпрыемству – гэта датычыць усіх завадчан, якія працавалі з моманту заснавання «Металапластмаса», і тых, хто толькі набіраецца вопыту.
Вернемся на 45 гадоў назад. 7 ліпеня 1978 года на прамысловай карце Ляхавіччыны з’явіўся «Вопытны завод металічнай тары» – тое, з чаго пачынаўся ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас». І тады, і цяпер асноўны від прадукцыі, што зыходзіць з канвеера, – металічная накрыўка. Але гэта не адзіны від фірменнай прадукцыі, якая не страчвае папулярнасці больш за 40 гадоў. Асвоена перапрацоўка поліэтылену высокага ціску пры вытворчасці поліэтыленавых накрывак. Яшчэ адзін хіт, які прайшоў дзесяцігадовую
праверку, – вырабы з пластыку, якія завод выпускае па асабістых чарцяжах заказчыка.
Пераемнасць пакаленняў, павага да ветэранаў працы таксама адментнасць завода. Пра тых, хто стаяў ля вытокаў, хто прымнажаў сваёй нястомнай працай славу прадпрыемства, не шкадаваў сіл і энергіі, дзяліўся вопытам з маладымі, помняць, іх паважаюць, запрашаюць на ўрачыстасці і па магчымасці аказваюць матэрыяльную падтрымку, віншуюць са святамі. Не дзіўна, што ў адрас кіраўніцтва і сённяшніх працаўнікоў ад ветэранаў-завадчан гучаць словы падзякі.
– Можна доўга пералічваць прозвішчы нашых ветэранаў, праца якіх – прыклад для многіх наступных пакаленняў. Асабліва хачу адзначыць нашых працаўнікоў-аксакалаў, якія аддалі прадпрыемству па 45 гадоў, – бухгалтараў Галіну Казакевіч і Яніну Равінскую. Дзякуючы і колішняму дырэктару Генадзію Секачу, які стаяў у руля завода больш за чвэрць стагоддзя, «Металапластмас» развіваўся, мацнеў, – гаворыць Генадзій Маліхтаровіч.
Не толькі добраўпарадкуецца і заўжды ў ідэальным стане заводская тэрыторыя. Нядаўна ўладкавалі сучасныя клумбы пры ўваходзе на завод. Радуе «Металапластмас» абноўкамі і родны горад. Напрыклад, летась разам з «Інтэрлакам» і льнозаводам устанавілі на ўездзе ў горад памятны знак-шыльду.
«ЛВ» далучаецца да шматлікіх віншаванняў і жадае прадпрыемству і тутэйшым працаўнікам не збаўляць абароты, а наадварот іх нарошчваць, заўжды заставацца на плаву і з гонарам трымаць славу вытворцы лепшых металічных накрывак, надзейнага партнёра і прадстаўляць дастойна Ляхавіччыну на розных пляцоўках. Няхай расце дабрабыт завадчан, а перад заводам адкрываюцца новыя рынкі збыту і працоўныя гарызонты.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.










