Клопат дзеля дабрабыту. На вуліцы Дзесюкевіча ў Ляхавічах прапісана арганізацыя, значэнне якой для раёна важкае

На вуліцы Дзесюкевіча, 27 у Ляхавічах прапісана арганізацыя, значэнне якой для раёна важкае, – Ляхавіцкі раённы аддзел Брэсцкага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

ФСАН ажыццяўляе збор абавязковых страхавых узносаў і ўзносаў на прафесійнае пенсійннае страхаванне, фінансуе расходы на выплату пенсій і дапамог, арганізуе і вядзе індывідуальны (персаніфікаваны) улік, назначае і выплачвае прафесій-ныя пенсіі, ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні. А далей сродкі накіроўваюцца на выплату пенсій рознага прызначэння, дапамогу па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах і г. д. У пераліку задач і фінансаванне расходаў на санаторна-курорт-нае лячэнне і аздараўленне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
1 ліпеня Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва адзначае 30-годдзе з дня свайго заснавання. Сёння многія працэсы ажыццяўляюць у рэжыме анлайн і нават маецца мабільны дадатак – ФСАН. За тры десяцігоддзі падраздзяленне аўтарытэтна заявіла пра сябе як дзяржаўны орган, які дастойна выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі. Прычым дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкай чалавек ахоплены ад нараджэння і далей.

Кацярына Навагран, Ларыса Павядайла і Аксана Найда


З 2016 года на чале Ляхавіцкага раённага аддзела Кацярына Навагран. Кіраўнік кампетэнтны і вопытны, для якога няма ў справах дробязяў, кожная праблема – важная.
Стаж намесніка начальніка аддзела Ларысы Павядайла ў ФСАН складае амаль 16 гадоў. Яе прафесійны шлях прадвызначыла сяброўства з матэматыкай. Пасля атрымання дыплома эканаміста лічбы сталі заўсёднымі спадарожнікамі. У працоўнай біяграфіі была і пасада галоўнага бухгалтара ў падатковай інспекцыі. Зараз Ларыса Іванаўна курыруе ў ФСАН шматлікія пытанні – ад пастаноўкі на ўлік арганізацый і ІП, да праверкі правільнасці афармлення і налічэння бальнічных, дзіцячых дапамог і г. д. Галоўным у рабоце лічыць правільнасць і дакладнасць. Сённяшні намеснік ФСАН пачынала інспектарам, калі кіраваў падраздзяленнем Мікалай Бурак. Вучыў не адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, а таксама правілу, што кожная лічба павінна пацвярджацца. У рабоце асабліва цяжка выносіць адміністрацыйныя прадпісанні. Але закон адзіны для ўсіх.
– Працуем на карысць людзей, дзеля іх дабрабыту. Работу сваю люблю і з задавальненнем стараюся выканаць яе якасна, – дзеліцца намеснік начальніка.
Аб’ёмы дзейнасці раённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення ФСАН маштабныя. З зарэгістрава-ных у Ляхавіцкім раёне плацельшчыкаў абавязковыя страхавыя ўзносы ўносяць 1107 чалавек, сярод іх ІП, фермеры, садовыя таварыствы і г. д. З 1 ліпеня да іх дабавяцца яшчэ і рамеснікі, якія будуць выплачваць падатак на прафесійны даход.
Агульная налічаная сума выплат, на якія ідуць страхавыя ўзносы за першы квартал, склала больш за 26 мільёнаў рублёў. На аплату бальнічных і дзіцячых дапамог у раёне са сродкаў ФСАН штомесяц накіроўваецца 1 730 203 рублёў.
– Калектыў у нас невялікі, але зладжаны і высокакваліфікаваны. Год
назад рады папоўніла інспектар Аксана Найда. Напярэдадні прафесійнага свята з радасцю сустрэліся са сваімі паважанымі ветэранамі Мікалаем Ігнатавічам Бураком і Марыяй Мікалаеўнай Лойка. Вельмі каштоўныя такія сустрэчы, калі можна не толькі ўбачыцца, але і ўспомніць гісторыю прафесіі, пераняць вопыт. Са святам, дарагія калегі, – гаворыць начальнік Ляхавіцкага раённага аддзела ФСАН Кацярына Навагран.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!

Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, творчасць і ініцыятыву ў рабоце, значны асабісты ўклад у выкананні задач, якія стаяць перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, і ў сувязі з 30-годдзем стварэння Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь узнагароджана намеснік начальніка Ляхавіцкага раённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ларыса ПАВЯДАЙЛА.