У лінейцы падатковых сэрвісаў. Сёння — Дзень работнікаў падатковых органаў


Валянціна Варанчак (у цэнтры), Аксана Смаршчок, Ганна Шаўлінская,
Вольга Сімончык, Галіна Бушэйка.

Дзень работнікаў падатковых органаў у нашай краіне адзначаюць з 1990 года, а сёлета ён прыпадае на 9 ліпеня.

Службе, якая забяспечвае дакладнае, поўнае і своечасовае паступленне фінансавых адлічэнняў у бюджэт, спаўняецца 33 гады. На Ляхавіччыне гэту задачу выконвае ўпраўленне па рабоце з плацельшчыкамі.

Па стане на 1 ліпеня ў раёне зарэгістравана 808 дзеючых суб’ектаў гаспадарання, з якіх 362 юрыдычныя асобы і 446 індывідуальных прадпрымальнікаў.
Падаткі – гэта і развіццё сацыяльнай сферы, і паляпшэнне інфраструктуры, г. д. У кансалідаваны бюджэт раёна ў пер-шым паўгоддзі паступіла 18 337,5 тысячы рублёў. З іх паступленні ад юрыдычных асоб склалі 91,9 працэнта, ці 16 843,2 тысячы рублёў. На Ляхавіччыне суб’екты малога прадпрымальніцтва забяспечваюць больш за 30 працэнтаў даходаў бюджэту.
Найбольш важкі ўклад у напаўненне раённай казны ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». З камерцыйных арганізацый – ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», ТАА «Ібіра»,
ТАА «Фермент».
Трэба адзначыць, што 98 працэнтаў паступаючых плацяжоў выплачваюцца ў добраахвотным парадку, што сведчыць пра высокі ўзровень падатковай культуры. Падаткавікі ўдзячны ўсім, хто з разуменнем своечасова выконвае свой канстытуцыйны абавязак.
Падатковыя органы для сувязі з плацельшчыкамі і дзеля іх зручнасці стварылі шырокую лінейку электронных сэрвісаў, сярод якіх асабісты кабінет плацельшчыка. Інтэрнэт-уваход эканоміць час і спрашчае працэдуру падачы дэкларацыі і справаздачы ў электронным выглядзе. У такім фармаце можна падаць заяву і на ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур, атрымліваць неабходныя звесткі для зверкі разлікаў з бюджэтаў, даведвацца пра змяненні падатковага заканадаўства і г. д.
Сёння такой формай сувязі з упраўленнем карыстаюцца 484 суб’екты гаспадарання, ці 73 працэнты ад агульнай колькасці тых, хто стаіць на ўліку. Магчымасць доступу да асабістага кабінета плацельшчыкаў маюць 2 466 чалавек. Напрыклад, самазанятым, якія з 1 ліпеня сталі плацельшчыкамі падатку на прафесійны даход, не трэба траціць час і хадзіць па кабінетах – усё ажыццяўляецца дыстанцыйна.
Спецыяльны падатковы рэжым у нашым раёне выбралі ўжо 116 фізічных асоб.
Для зручнасці нашых плацельшчыкаў адкарэкціраваны графік работы ўпраўлення. У панядзелак сюды можна звярнуцца з 8 да 19 гадзін, а ў чацвер з 8 да 20 гадзін і без перапынку на абед. Калі ўзнікаюць пытанні, звязаныя з падатковай тэмай, ІП і фізічным асобам можна звяртацца за тлумачэннямі ў падатковую службу ў любым горадзе, незалежна ад месца прапіскі.
Супрацоўнікі ўпраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне – адзіная каманда, нацэленая на агульны фінансавы вынік.
Напярэдадні прафесійнага свята выказваем словы ўдзячнасці нашым ветэранам, якія добрасумленна і з веданнем справы працавалі шмат гадоў у падатковай службе. Шчырая ім падзяка за вопыт, прафесіяналізм і традыцыі. Са святам, калегі!

Валянціна ВАРАНЧАК, намеснік начальніка інспекцыі –
начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі
па Ляхавіцкім раёне ІМПЗ па Баранавіцкім раёне.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.