Свята вёскі прайшло ў Малым Гарадзішчы Ляхавіцкага раёна

На свяце вёскі “Любі свой край і апявай”, што прайшло 7 ліпеня ў Малым Гарадзішчы, гучала шмат добрых і шчырых слоў у адрас працавітых, творчых, нераўнадушных землякоў. Яны гонар і слава аграгарадка.


Вучацца, працуюць, гадуюць дзяцей, адзначаюць падзеі і знамянальныя даты і ствараюць сённяшні дзень – светлы, мірны і незалежны. Са святам землякоў віншавала дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, спецыяліст РАНС Юлія Лешык. У цэнтры ўрачыстасці – выпускнікі-2023 года – Дар’я Наскавец, Наталля Шыпіла, Алеся Патоцкая, Ягор Пляшэвіч. Атрымайце прафесію па душы і вяртайцеся на сваю малую радзіму!


Таленавітыя, крэатыўныя і актыўныя – гэта таксама пра юную змену Арсенія Ланкуця, Яраслава Ланкуця, Вікторыю Аўсей, якія заўсёды з ахвотай прымаюць удзел і дапамагаюць у арганізацыі шматлікіх культурных мерапрыемствах, што ладдзяцца ў сельскім клубе.
З кожным годам населены пункт становіцца прыгажэй і ярчэй, у тым ліку ад рознаколерных кветак і дагледжаных прыдамавых тэрыторый. І за гаспадарскія адносіны, чысціню і ўтульнасць гучалі шчырыя словы ўдзячнасці ўсім аграгараджанам. За лепшае ўтрыманне прыдамавых тэрыторыі пераможцамі прызнаны Тамара і Мікалай Вярбіла, Зоя і Рамуальд Данілевічы, Галіна і Віктар Кульбіцкія. Статус дома і тэрыторыі ўзорнага ўтрымання заваявала сям’я Кацярыны і Валерыя Юрчыкаў.


 Каларыту святу надалі вырабы народнай творчасці, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, разнастайная выпечка, адметная тэматычная выстава “Край, у якім я жыву”.
Цудоўны радасны настрой і жыхарам і гасцям аграгарадка падарылі самадзейныя артысты народнага тэатра мініяцюр Востраўскага СДК “Вастраўчане”, Русінавіцкага СДК, Малагарадзішчанскага сельскага клуба.
Адметным і незабыўным стала і выступленне супрацоўнікаў РАНС.
Арганізатары вельмі ўдзячны Альхоўскаму сельвыканкаму і яго старшыні Вячаславу Кулаку за дапамогу ў падрыхтоўцы свята.
Валянціна КАРПОВІЧ, загадчыца Малагарадзішчанскага СК.