Пад акампанемент залатога ўзросту. «Сівізна» запрашае ўсіх землякоў на творчы вечар, прысвечаны 30-годдзю калектыву

Народны вакальны ансамбль ветэранаў «Сівізна» аб’ядноўвае таленавітых, творчых, актыўных землякоў пажылога ўзросту. Не адно пакаленне жыхароў раёна апладзіравала калектыву на шматлікіх канцэртах і святочных праграмах. А геаграфія выступленняў «Сівізны» вельмі шырокая. Выступленні на раённых пляцоўках, выязныя канцэрты ў розных гарадах і вёсках, фестывалі і вечары памяці, міні-праграмы ў бальніцы сястрынскага догляду ў Альхоўцах, доме сумеснага пражывання ў Ганчарах, Крывошынскім псіханеўралагічным дыспансеры, сустрэчы са школьнікамі і каляджанамі – не поўны пералік, дзе феерыць ансамбль залатога ўзросту.


У нядзелю, 16 ліпеня, у 12 гадзін народны вакальны ансамбль ветэранаў «Сівізна» запрашае ўсіх землякоў у ГДК на творчы вечар «Таленты жывуць сярод нас», прысвечаны 30-годдзю калектыву. Прыходзьце, не пашкадуеце.

У ліпені 1993 года для арганізацыі вольнага часу пажылых грамадзян на базе раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама быў створаны клуб ветэранаў «Сівізна», а праз шэсць гадоў калектыў удастоены звання «народны». З таго часу змянілася тры пакаленні складу калектыву. На жаль, некаторых яго ўдзельнікаў ужо няма сярод жывых, але памяць пра іх назаўсёды ў сэрцах тых, хто прадаўжае і прымнажае традыцыі «Сівізны».
За ўвесь час існавання ў клуба былі розныя мастацкія кіраўнікі і акампаніятары. Першымі кіраўнікамі калектыву былі Сяргей Сазановіч і Надзея Папко. Доўгі час з калектывам паспяхова працавалі багатая на задумкі, ініцыятыўная, актыўная Жанна Абрамовіч і творчы Аляксандр Гуліцкі. Зараз ансамблем кіруе культработнік са стажам Соф’я Марчык, акампаніятар – таленавіты музыкант Іван Пішч.
Самыя старэйшыя ўдзельнікі калектыву – 87-гадовы Георгій Шабан і 82-гадовая Ніна Палівода. Дарэчы, Ніна Палівода і Рыгор Якавец стаялі ў вытокаў стварэння «Сівізны»: былі аднымі з першых яго ўдзельнікаў. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Ніна Палівода прадаўжае выступаць і дорыць слухачам фельетоны і вершы, якія піша сама.
Рыгор Якавец не прапускае ніводнай рэпетыцыі і выступлення – гэта справа асаблівай творчай важнасці. Заўсёды з крэатывам і актыўнасцю падыходзяць да справы Людміла Фаміна, Алена Камінская, Ірына Макаранка, Васілій Стрэльчык (дарэчы, прыязджае з Баранавічаў), Таццяна Хвайніцкая, Леакадзія
Домаш, Віктар Алейнік, Валянціна Сокал і іншыя.
За тры дзесяцігоддзі «Сівізна» стала па-сапраўднаму другім
домам, творчай сям’ёй для больш чым паўсотні землякоў залатога ўзросту.

Ніхто цікавей не раскажа пра «Сівізну», чым самі ўдзельнікі гэтага аб’яднання.

Соф’я МАРЧЫК:
– Напэўна, скажу не толькі за сябе, але і за ўсіх, хто рэалізуе свае творчыя здольнасці ў «Сівізне»: гэта цудоўнае месца адпачынку. Вельмі важна, ствараць пазітыўны настрой, а члены нашага дружнага калектыву гэта могуць. Сярод нас і тыя, каму толькі споўнілася 60 гадоў, тыя, каму ўжо за 80. Але мы маладыя душой, і ў многім гэта дзякуючы нашым сустрэчам. Мая задача як мастацкага кіраўніка – арганізаваць творчых людзей, падтрымаць іх пачынанні, стварыць атмасферу радасці і натхнення. Удзячны сектару культуры райвыканкама, кіраўніцтву раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы за падтрымку нашага калектыву. Некалькі гадоў назад нам падарылі баян. Дапамаглі з касцюмамі.

Леакадзія ДОМАШ:
– Яшчэ калі працавала, марыла, што пайду на пенсію і абавязкова буду спяваць у «Сівізне», вельмі любіла слухаць іх выступленні. У калектыве 10 гадоў! Мы сябры, кожная рэпетыцыя –
шанц сустрэцца зноў. Не разумею тых
людзей, якія сядзяць бясконца ля тэлевізара. Жыву ў Ляхавічах, але некалькі разоў езджу на веласіпедзе ў Станчакі, там у мяне дача. Спяваю ў царкве ў Навасёлках, а яшчэ пяку тарты. А адпачываю душой і сэрцам у маёй любімай «Сівізне».

Людміла ФАМІНА:
– Сядзець на месцы – гэта не пра мяне. Калі прыходжу на рэпетыцыі ці выступленні, забываю пра свае хваробы і праблемы. Пакуль
спяваем – мы жывём. Наша «Сівізна» –
дружны калектыў. Тут сабраліся пазітыўныя, задорныя, цікавыя землякі. А якія ў нас усе творчыя! Падабаецца выступаць з рознымі нумарамі, асабліва калі гучаць народныя песні.

Віктар АЛЕЙНІК:
– Рады, што ў маім жыцці больш за дзесяцігоддзе назад з’явілася «Сівізна». Сюды заўжды іду,
як на свята, тут аднадумцы, кожны ўдзельнік – шчыры, неабыякавы чалавек. Тут цябе падтрымаюць і зразумеюць. Выдатна, што мы можам рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Дома ў мяне хапае клопатаў – вялікі ўчастак – 20 сотак,
паспяваю і ў тэніс пагуляць. А прыходжу
ў «Сівізну» – калі ласка, душэўны адпачынак.

Алена КАМІНСКАЯ:
– Гадоў восем назад упершыню трапіла на канцэрт, дзе выступаў народны клуб ветэранаў «Сівізна», вельмі спадабалася. Колькі сябе помню, любіла спяваць, таму прыняла прапанову і прыйшла ў «Сівізну». Робім усё з задавальненнем: рэпеціруем, выступаем, падарожнічаем. Мы нават у спартыўных мерапрыемствах удзельнічаем. Добра, што ёсць наша «Сівізна».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.