Юбілейная справаздача. «Сівізна» юбілей адзначыла песенна і святочна

Таленты жывуць сярод нас» – такую назву свайму справаздачна-творчаму канцэрту, прысвечанаму 30-годдзю з дня заснавання, даў народны вакальны ансамбль ветэранаў «Сівізна». Яны спяваюць, танцуюць, пішуць вершы і гумарэскі, прыдумваюць сцэнарыі, а яшчэ кулінараць, вышываюць, вырошчваюць кветкі і дэманструюць іншыя здольнасці.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Парадавала землякоў «Сівізна» ў мінулую нядзелю цікавай праграмай, якая адбылася ў ГДК. Атмасфера панавала цудоўная, святочная, сямейная, натхняльная, цёплая і ўтульная. Гледачы сустракалі кожны выхад самадзейных артыстаў залатога ўзросту шчырымі апладысментамі і кветкамі. Пра кожнага з удзельнікаў «Сівізны» былі сказаны цёплыя словы.
З першых акордаў канцэрта стала зразумела: сюрпрызаў будзе нямала. Цікавую гумарэску сачыніла і расказала адна з самых старэйшых удзельніц «Сівізны» ляхавічанка Ніна Палівода. А якія дуэты спявалі – Алена Камінская і Георгій Шабан, Леакадзія Домаш і Васілій Стрэльчык. «Брава», «цудоўна», «выдатна» – такія словы адрасавалі гледачы вакалістам Віктару Алейніку, Рыгору Якаўцу, Ірыне Макаранка, Але Арлоўскай, Валянціне Сокал, Людміле Страмавус, Людміле Фаміной і іншым. Любоўю да слухача прасякнута кожнае выступленне паэткі, спявачкі Таццяны Хвайніцкай.
Ад раённага савета ветэранаў віншавала Аляксандра Матчэня, гучалі шчырыя пажаданні ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, народнага аматарскага клуба песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК, арт-групы «АЛО» Падлескага СДК, выканаўцаў з Ляхавіцкага ГДК, іншых гасцей.
Будзем і далей чакаць паспяховых выступленняў «Сівізны» на розных канцэртных пляцоўках і праграмах. Без сумненняў, калектыў не спыніцца на дасягнутым, а будзе пашыраць свой рэпертуар новымі задумкамі і нумарамі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.