На гэты раз – рапс. Гэтай культуры ў сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна ў бягучым годзе больш за тры з паловай тысячы гектараў

У якасці жніўнай «запеўкі» апошнім часам выступае азімы ячмень. Па выніках уборкі 1 140 гектараў гэтай культуры аграрыі раёна папоўнілі свае хлебныя засекі больш як шасцю тысячамі тон збожжа. Пасля азімага «Шлях новы», напрыклад, завярнуў камбайны на ячмень яравы. Але тыповым гэта не здаецца, хоць бы таму, што большасць гаспадарак пераключылася на камбайнаванне крыжакветных.

Сямейны экіпаж камбайнераў Аляксандра
і Ігара Буйкевічаў.

І вось – рапс. Гэтай культуры ў сельгаспрадпрыемствах раёна ў бягучым годзе больш за тры з паловай тысячы гектараў. Нямала, хоць і на некалькі сотняў менш, чым у вельмі ўраджайным мінулым годзе.
Найбольшымі плошчамі валодаюць «Жарабковічы» – 900 гектараў, да чаго ААТ абавязвае факт наяўнасці ўласнага перапрацоўчага цэха. У «Ляхавіцкім» і «Шляху новым» іх некалькі больш як па паўтысячы.
У СУП «Белазем’е» таксама ёсць свой «заводзік» па перапрацоўцы насення рапсу ў алей. Свой у сэнсе карпаратыўны, які, як і «Белазем’е», з’яўляецца адным з вытворчых актываў ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат».

Вадзіцель Васілій Курловіч.


– Згодна з атрыманым заданнем, 50 тон сабранага ўраджаю рапсу абавязаны адправіць у залік дзяржаўнага заказу. Усё астатняе
будзе перапрацавана на алей. А другасным прадуктам перапрацоўкі з’яўляецца макуха – высокапратэінавы, вельмі каштоўны кармавы кампанент, – адзначае галоўны аграном сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства Рамуальд Бубен.
У галоўнага раслінавода клопатаў зараз, што тых зярнят у бункеры поўнага камбайна. Арганізаваць і ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва за ходам палявых клопатаў, адладзіць канвеер адвозкі намалочанага ўраджаю на зерняток, трымаць руку на пульсе работы ачышчальна-сушыльнага комплексу пры мінімальным мінімуме страт ураджаю і ўборачнага часу.
Тройка камбайнаў завіхаецца на рапсавым полі. Здаецца, яшчэ больш сітуацыя вымушае завіхацца вадзіцеля аўтамабіля-адвозчыка Андрэя Ланкуця. Ён са сваім МАЗам адзін на ўсіх ці для ўсіх камбайнаў-уборшчыкаў. Транспартнае кола «поле – зерняток – поле» аддалена не крытычна, аднак і рапс сыпле дастаткова шчыльна. У сярэднім больш за два дзясяткі цэнтнераў атрымліваецца. Толькі забраў пяць тон намалоту ў адной з уборачных машын, як тут жа аранжавым маячком «просіць» звярнуць на сябе ўвагу другая.
За штурвалам аднаго з камбайнаў знаёмыя з мінулагодняга ўборачнага лета бацька і сын. Старэйшы па жыцці і ў складзе экіпажа Аляксандр Буйкевіч.
Сын і камбайнер Ігар расказаў, што памочнікам на жніве ў бацькі з’яўляецца ўжо некалькі гадоў запар. Падчас працы пад вопытным кіраўніцтвам паспеў набыць нядрэнны досвед адносна тэхнічнай часткі збожжаўборачнай машыны, адметнасцяў работы з рознымі сельскагаспадарчымі культурамі. Адзначыў, што ад уменняў і ступені адказнасці другога нумара экіпажа вельмі многае залежыць.
– Раніцай перад выхадам у поле камбайн неабходна правільна падрыхтаваць. Для некаторых вузлоў і агрэгатаў рэгламентам прадугледжана штодзённая змазка, чыстка, прадуўка. Але на рапсе некалькі прасцей: вышыня зрэзу дастаткова большая, чым пры камбайнаванні збожжавых, адпаведна, меншая верагоднасць «злавіць» у жняярку камень, – адзначае Ігар Буйкевіч.
Па выніках леташняга жніва сямейны экіпаж Буйкевічаў стаў адным з лепшых у «Белазем’і».
Яшчэ адным абавязковым удзельнікам жніва з’яўляецца вадзіцель аўтамабіля, прызначанага на ўсякі пажарны выпадак. У «Белазем’і» пад агняборца даабсталяваны аўтамабільны цягач «МАЗ». Шматкубовая цыстэрна на паўпрычэпе, помпа для падачы вады, рукаво з пажарным ствалом – і ў цэлым усё патрэбнае даабсталяванне.
У «Белазем’і» пажарную бяспеку на жніўным полі забяспечвае Васілій Курловіч, лепшай характарыстыкай якому стануць скіраваныя ў яго адрас словы галоўнага агранома.
– Васілій Мікалаевіч з’яўляецца вельмі адказным работнікам. Даручыць яму можна любую справу. І не хвалявацца, што будзе не выканана ці пойдзе нешта не так, – упэўнена заяўляе Рамуальд Іванавіч.
Нам усяго і застаецца, што дабавіць некалькі фактаў: шафёрскай прафесіі Васілій Курловіч застаецца верным многія дзесяцігоддзі. Ляхавіцкай сельгастэхніцы, райаграпрамтэхніцы, райаграсэрвісу і цяпер ужо СУП «Белазем’е» служыць з 1986 года.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.