Новаўвядзенні камфортнага значэння. Як аграсядзіба «Мядкі» аказвае паслугі ў сферы аграэкатурызму і адна з першых на Ляхавіччыне прайшла перарэгістрацыю

У сувязі са змяненнямі заканадаўства для далейшага ажыццяўлення дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму яго суб’ектам неабходна было да 1 ліпеня бягучага года перарэгістравацца. Пра працэдуру і неабходныя дакументы неаднойчы пісаў і «ЛВ».

ТУРЫСТЫЧНЫ ДАЗВОЛ

– Неабходна было звярнуцца  ў службу «Адно акно» райвыканкама з пісьмовай заявай аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму. Разам з пісьмовай заявай фізічныя асобы даюць у пісьмовай форме згоду ўласніка (уласнікаў) жылога дома на выкарыстанне жылога дома для ажыццяўлення дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму.
Затым спецыялісты службы «Адно акно» самастойна запытваюць дакументы, неабходныя для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры, – адзначае галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука, якая курыруе пытанні спорту і турызму ў раёне.
Як на Ляхавіччыне ідзе працэс перарэгістрацыі, даведаўся «ЛВ». Не ў тэорыі, а на практыцы. У якасці аб’екта аграэкатурызму выступае аграсядзіба «Мядкі». Утульнае месца для адпачынку размясцілася ў вёсцы Залужжа,  на вуліцы Ціхай.
Каб атрымаць рашэнне, на аграсядзібу выязджае камісія, створаная пры райвыканкаме. У яе складзе прадстаўнікі зацікаўленых службаў: МНС, землеўпарадкавальнай, аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, райЦГіЭ і іншыя. Рашэнне аб дазволе на адкрыццё аграсядзібы або адмове ў адкрыцці прымаецца на працягу 30 каляндарных дзён з дня падачы заявы.
– Варта адзначыць, што ўсіх суб’ектаў мы праінфармавалі загадзя. Такі прынцып рэгістрацыі дзейнічае і для новых суб’ектаў аграэкатурызму, якія жадаюць зарэгістравацца. Канешне, новыя правілы заўсёды палохаюць. Але ж гэтыя патрабаванні заканадаўства дазволяць убачыць нядобрасумленных уладальнікаў сядзіб, якія пад выглядам аграэкатурызму разгарнулі рэстаранны або гасцінічны бізнес, – расказвае Таццяна Шчука.
Вось мы ў Залужжы. Гасцінна сустракае гаспадыня тутэйшай сядзібы Ірына Супрунюк.
На пачатак года на тэрыторыі раёна было зарэгістравана восем аграэкасядзіб. На 1 ліпеня гэтага года камісіяй вынесена два станоўчыя рашэнні па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму. Дазвол атрымалі вышэйназваныя «Мядкі» і аграсядзіба «Мара» ў вёсцы Макееўшчына. Гэтыя сядзібы ў поўнай меры адпавядаюць патрабаванням Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці аграэкатурызму».
Якой па новым заканадаўстве павінна быць аграэкасядзіба, на практыцы даведаліся пасля наведвання хутара «Мядкі».
Гаспадары сядзібы Ірына і Павел Супрунюкі стварылі месца, дзе можна застацца адзін на адзін з прыродай. Сёння «Мядкі» вядомы многім землякам, сталі месцам, куда хочацца вяртацца зноў і зноў.
А ў сакавіку 2020 года Ірына і Павел разам з дачушкамі Соняй
і Верай прыехалі сюды, каб засцерагчыся ад кавіду, які пачынаў устанаўліваць свае парадкі на рабоце і вучобе.
– Напэўна, мы паступілі, як многія. Ізаляваліся і засталіся ў прыродным акружэнні. Гэта цуд – пачынаць дзень у нашых «Мядках»: прачынаешся пад птушынае шматгалоссе, з акна – від на лясны масіў. Мы спецыяльна не абмяжоўвалі нашу тэрыторыю агароджай,
каб зберагчы адчуванне яднання з прыродай, неабсяжным патокам здаровай энергіі. Стваралі ўтульнасць і камфорт для сябе і дзяцей, а пасля прыйшла ідэя здаваць у арэнду наш гасцявы домік. І справа пайшла, – расказвае Ірына.
Пачынаючыя гаспадары сядзібы зарэгістраваліся і атрымалі дазвол на аказанне паслуг. З таго часу ні дня, здаецца, не прайшло, каб штосьці не было зроблена на карысць любімага мястэчка.

ПРАВІЛЫ ДЛЯ КОЖНАГА

Домік для адпачывальнікаў таксама дыхае натуральнасцю: зроблены і аздоблены ўнутры дрэвам. Знешне адпавядае скандынаўскаму стылю, але вельмі ўтульны і па-дамашняму цёплы.
Тут увогуле кожны квадратны метр – гэта хараство дамашняй атмасферы. А ўсё таму, што Ірына імкнецца для гасцей рабіць так, як для сябе.
– Мой дзень падобны на бізнес-расклад. Распісаны па хвілінах. Часам зрання не ведаю, як і з чаго пачаць, каб усё паспець. Для гасцей імкнуся стварыць камфорт нават у самых дробных дэталях.
Бялізну, напрыклад, мыю, прасую, здымаю ўсе галачкі, – адзначае Ірына.
На немалой па памерах тэрыторыі ідэальнасць уласціва ўсяму. Духмяныя кветкі застылі ў сваіх стыльных кампазіцыях. А элементы знешняга дэкору падкрэсліваюць агульную карціну і задумку сядзібы.
– Наш гасцявы домік невялікі. Для адной-дзвюх сем’яў – да шасці чалавек. Два пакоі, кухня, прыбіральня – ёсць усё неабходнае, каб адпачыць, – праводзіць экскурсію гаспадыня «Мядкоў».
Дарэчы, калі сядзібу наведвала камісія, асаблівы кантроль тычыўся пажарнай бяспекі. У кожным пакоі тут ёсць вогнетушыцелі, устаноўлены АПА. Бяспека – гэта частка адпачынку, які хочацца паўтарыць.
Тым больш, як расказвае Ірына, часцей за ўсё сюды прыязджаюць за супакаеннем і душэўным адпачынкам маладыя сем’і з дзеткамі, закаханыя пары. Тут сапраўды ўсё дыхае рамантыкай. І, як цяпер модна гаварыць, – тут вельмі атмасферна.
– Сёння, напрыклад, уладальніку сядзібы, як і раней, важна выконваць пэўныя ўмовы: мець жылы дом з не больш як 10 пакоямі і зямельным участкам, уласную падсобную гаспадарку або вырабляць і перапрацоўваць на тэрыторыі аграсядзібы сельскагаспадарчую прадукцыю, – каменціруе заканадаўства Таццяна Шчука.
І кожны пункт вышэйсказанага ў «Мядках» выконваецца. Карэспандэнтаў «ЛВ» асабліва ўразіў сучасны агарод. На некальніх «квадратах» можна знайсці ўсё.
– Задача нумар адзін, каб нашы адпачывальнікі маглі, гатуючы ежу, дабаўляць у свае стравы свежую зеляніну. Тут у нас і цыбуля, і кроп, і пятрушка. Будуць і свае агурочкі, морква. А яшчэ прывезенае з замежжа насенне дэкаратыўных кабачкоў у гэтым годзе дало свае плады, – дэманструе падсобную гаспадарку Ірына.
Указам удакладнены патрабаванні да аб’ектаў аграэкатурызму. Гэта датычыцца вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі і колькасці відаў паслуг, якія аказваюцца ў комплексе. Іх павінна быць не менш за два. Таксама дазволена праводзіць прэзентацыі, юбілеі і банкеты, фізкультурна-аздараўленчыя і культурныя мерапрыемствы, арганізоўваць лазневыя дні. Уладальнікі аграбізнесу могуць катаць сваіх пастаяльцаў на жывёлах, конным транспарце, прадастаўляць спартыўны інвентар для спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Напрыклад, веласіпеды, лодкі і іншае. Пералік паслуг дапоўнены правядзеннем майстар-класаў, якія знаёмяць наведвальнікаў з рамёствамі і нацыянальнымі традыцыямі рэгіёна, а таксама арганізацыяй азнаямлення агратурыстаў з прыроднымі і архітэктурнымі славутасцямі рэгіёна, нацыянальнымі традыцыямі і рамёствамі краю.

КАЛІ РАБІЦЬ, ТО ЯКАСНА

– Асобным пунктам у аграбізнесе лічу папулярызацыю мясцовага турызму. Ляхавіччына – багаты на гістарычныя адметнасці край. Таму ўсім нашым кліентам абавязкова раю праехацца па мясцовых турыстычных маршрутах і не толькі. У нашым дагаворы на аказанне паслуг на апошняй старонцы размешчана карта з QR-кодамі. Схематычна мы адлюстравалі заезд, месцы, дзе знаходзяцца біжэйшыя магазіны, выхады для рыбалкі. Таксама распісалі адрасы гандлёвых аб’ектаў, кантакты і сайты, дзе можна зрабіць заказ ежы. Лічу, што гэта значны плюс да камфорту адпачываючых. Таксама сваім гасцям мы прапаноўваем і пракат веласіпедаў. Праехацца і натхніцца мясцовымі краявідамі – проста казка! – расказвае Ірына Супрунюк.


А яшчэ ў «Мядкоў» ёсць цікавая асаблівасць. Сядзіба часта запрашае на дні адчыненых дзвярэй, у рамках якіх Ірына чаго толькі ні прыдумвае. Сярод апошняга, напрыклад, кінапрагляды пад адкрытым небам.
– У сацыяльных сетках закідваю запрашэнні, жадаючых заўжды шмат. Вы толькі ўявіце, як атмасферна глядзець фільм, калі вакол лес, свежае паветра. А яшчэ заўжды прапаноўваю сваім гасцям духмяны чай, – адзначае Ірына.
Дарэчы, пра чай. Ірына гатуе яго з траў, якія збірае і нарыхтоўвае самастойна. Гасцям прапаноўвае пакаштаваць лясны чай, у складзе якога чабор, ліпа, скрыпень, кветкі і ягады суніцаў, чарніцаў, маліны, лаванда, мята, рамонак.
Палюбілі часовыя пастаяльцы і фірмовы пірог, якім гаспадыня частуе сваіх гасцей – з яблыкамі ці цыбуляй, гэта заўсёды смаката. Дарэчы, Ірына запрашае жадаючых і на майстар-класы. Нядаўна, напрыклад, гатавалі паэлью.


У рэкламе сядзіба «Мядкі» не мае патрэбы. Спачатку па прынцыпе сарафаннага радыё, цяпер з дапамогай сацыяльных сетак пра класны адпачынак ведаюць многія, а станоўчыя водгукі таму пацвярджэнне. У акаўнце інстаграма @hutormedkov ёсць расклад свабодных датаў, а таксама прэзентанцыя адпачынку.
А яшчэ да свайго акаўнта Ірына дабавіла штодзённую справа-
здачу аб зробленым. Пяшчотна і з любоўю гаспадары сядзібы расказваюць пра кожную навінку: як стваралі агароды, як глядзелі фільмы ці каталіся на каньках, калі іх вадаём зімой ператварыўся ў каток. Дарэчы, зімой запрашалі на такія сеансы.
А нядаўна стала явай дзіцячая мара Ірыны. Дзіцячы домік з’явіўся і ў «Мядках».
Той, хто вырашыць адпачываць тут з дзеткамі, не пашкадуе.

Ці ўстаноўлена адказнасць уладальнікаў аграэкасядзіб за парушэнне грамадскага парадку і спакою тых, хто пражывае па суседстве?
– Так, Указам устаноўлена такая адказнасць. Раней, калі суседзі скардзіліся на шум, адказваў не ўладальнік аграсядзібы, а госці. Гаспадар сядзібы аказваўся ні пры чым. Цяпер ён будзе несці адказнасць нароўні з адпачывальнікамі. Гаспадар не павінен дапускаць учынення дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак або спакой грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі аднаго населенага пункта з суб’ектам аграэкатурызму. Да адказнасці прыцягнуць і ў выпадку невыканання заканадаўства ў сферы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, прыродаахоўных, супрацьпажарных патрабаванняў, – каменціруе Таццяна Шчука. Ірына адзначае, што момант з захаваннем грамадскага парадку прадугледзелі ў
дагаворы. Маецца пункт, што заказчык абавязаны «выконваць агульнапрынятыя правілы і паводзіны грамадскага парадку, не шумець пасля 23 гадзін». Ды і часцей за ўсё ў «Мядкі» прыязджаюць за цішынёй і спакоем.
– Лічу, што новае заканадаўства расставіць усе кропкі над і. Паколькі, калі прафесійна займаешся нейкай справай, павінен рабіць гэта якасна. Суб’екты аграэкатурызму павінны былі падпарадкоўвацца пэўным правілам, цяпер гэта ёсць, – гаворыць Ірына.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.