Падайце кнігу скаргаў. З 2 студзеня бягучага года заканадаўцам зменены пералік асоб, якія абавязаны яе весці

Кніга скаргаў, яна ж кніга заўваг і прапаноў прад’яўляецца па першым патрабаванні грамадзяніна незалежна ад наяўнасці ў яго дакументаў, што сведчаць асобу, і без тлумачэння прычын, якія выклікалі такую неабходнасць. І калі да канца 2022 года абавязак вядзення кнігі ўскладаўся на кожную юрыдычную асобу ці індывідуальнага прадпрымальніка, то з 2 студзеня бягучага года заканадаўцам зменены пералік асоб, якія абавязаны яе весці.
Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.12.2022 г. № 877 кніга павінна весціся толькі ў арганізацыі, у індывідуальнага прадпрымальніка, якія рэалізуюць тавары, выконваюць работы, аказваюць паслугі і ў месцах рэалізацыі імі тавараў, выканання работ, аказання паслуг, а таксама ў адасобленых падраздзяленнях такіх арганізацый, якія размешчаны па-за месцам іх знаходжння.
Таксама заменены пералік месцаў рэалізацыі тавараў, работ і паслуг на пералік сфер рэалізацыі такіх з указаннем месцаў, дзе павінна весціся кніга. Так, без яе не абысціся суб’ектам гаспадарання, якія арганізоўваюць сваю дзейнасць у сферы гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, нарыхтоўкі прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі, дзікарослай і іншай прадукцыі, перавозкі грузаў, пасажыраў, багажу, транспартнай дзейнасці, прыдарожнага сэрвісу, аховы здароўя, санаторна-курортнага
лячэння, аздараўлення, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сувязі, культуры, банкаўскай і фінансавай дзейнасці, страхавання і юстыцыі.
Пры гэтым, акрамя раней устаноўленых месцаў, кніга таксама павінна весціся ў білетных касах вакзалаў, падраздзяленнях па абслугоўванні грузаадпраўшчыкаў і грузаатрымальнікаў, у месцах аказання паслуг па рамонце і тэхнічным абслугоўванні транспартных сродкаў (акрамя чыгуначнага транспарту), у сэрвісных цэнтрах і пунктах аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі, рыэлтарскіх арганізацыях.
А вось пакінуць сваю заўвагу ці прапанову ў аўтадарожным пункце пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, аўташколе, установе адукацыі, вучэбным пункце і цэнтры падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі вадзіцельскага саставу, дыпламатычным прадстаўніцтве і консульскай установе, рэдакцыі газет і часопісаў, абаненцкім аддзеле і цэху продажу паслуг, цэху разлікаў за паслугі электрасувязі і пунктах калектыўнага карыстання, пунктах таможнага афармлення, цэнтрах статыстычнага дэкларавання, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аўтамабільных стаянках цяпер можна толькі пры дапамозе пісьмовага ці электроннага звароту. Абавязак вядзення кнігі для дадзеных суб’ектаў скасаваны, і ў дадзеным выпадку адмова ў яе
выдачы не будзе з’яўляцца парушэннем патрабаванняў заканадаўства. Абавязак органаў выканаўчай улады і дзяржаўнага кіравання па вядзенні кнігі заўваг і прапаноў таксама скасаваны.
Новаўвядзенні тычацца і формы кнігі.
Цяпер яна новая. Пры гэтым, яе ўзоры, якія былі выраблены раней, будуць выдавацца да канчатковага іх расходавання, а выданыя раней весціся да канчатковага запаўнення ўсіх старонак.
У астатнім жа патрабаванні заканадаўства пра кнігу істотна не змяніліся, і адказнасць за іх парушэнне ніхто не адмяняў.

КДК Брэсцкай вобласці.