На гандлёвых скрыжаваннях. У апошнюю нядзелю ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў гандлю

Дзень работнікаў гандлю ў Беларусі адзначаецца ў апошнюю нядзелю ліпеня. Значыць, заўтра віншаванні ў свой адрас пачуюць тыя, хто працуе ў сферы гандлёвага абслугоўвання, у тым ліку і нашы землякі.


Ветлівы і дружны калектыў магазіна «Усходні» заўжды рады пакупнікам.

– Толькі сёлета з пачатку года ў Ляхавічах для наведвальнікаў адкрыліся наступныя гандлёвыя кропкі: «Гурман» (ПГУП «Стры-
гельскі»), «Махровы свет» (ІП Анікей І. Г.), «Сэканд-хэнд» (ІП Несцяровіч С. А.), «Жар-птушка» (ІП Зубік В. М.), «Смалявічы Бройлер», фуд-трак (ІП Заўгародні В. І.).
У сельскай мясцовасці пачалі  працаваць магазіны «Тальмі-
навічы» (ААТ «Жарабковічы»), «Алеся» (ІП Рыбак Ж. І) у аграгарадку Жарабковічы, «Бярозка» (ІП Вайцешык В. Ф.) у вёсцы Канюхі, – расказвае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня.
Некаторыя гандлёвыя кропкі змянілі адрасы, а разам з гэтым пашырылі асартымент, гандлёвыя плошчы і г. д. У прыватнасці, размова ідзе пра «Заводскі» ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», які з сакавіка гэтага года размясціўся ў былым магазіне райпо па вуліцы 17-га Верасня. Нядоўга пуставалі плошчы «Заводскага» па вуліцы Южакова, цяпер там працуе гандлёвы аб’ект «Гурман».
Мяняюцца «кватаранты» ў гандлёвым цэнтры «Маяк» па вуліцы 17-га Верасня. Там зараз знаходзяцца не толькі магазіны «Тры цаны», «Белбланкавыд», «Новы стыль», «Запчасткі», а таксама «Еўра-
пошта», салон прыгажосці «Манро», атэлье па пашыве і пракаце вясельных сукенак. Усё больш папулярным становіцца аб’ект грамадскага харчавання «Кухня», які знаходзіцца ў будынку аўтастанцыі. Дарэчы, на Ляхавіччыне дзейнічае 41 аб’ект грамадскага харчавання, з якіх восем – у агульнадаступным асяроддзі.
– Па стане на 1 ліпеня на тэрыторыі раёна дзейнічаюць 244 рознічныя гандлёвыя аб’екты агульнай плошчай 11,5 тысячы квадратных метраў. Функцыянуюць два гандлёвыя цэнтры «Маяк» і «Этаж» агульнай гандлёвай плошчай 294,7 квадратных метраў.
У нашым раёне свае аб’екты маюць гандлёвыя сеткі «Родны кут», «Еўраопт», «Санта», «Востраў чысціні і смаку», «Міла», «Разумны выбар», «Беларуснафта», «БелБланк», «На сувязі», «МТС», – адзначае Людміла Матчэня.
Ёсць і фірменны гандаль. Да вядомых «Птушкі» ААТ «Баранавіцкая птушкафабрыка» і «Заводскага» ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» далучыліся «Мясны свет» (ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат») і фірменны магазін ААТ «Смалявічы Бройлер». Прадстаўнічы ўклад мае райпо – 38 магазінаў, а па 93 малых населеных пунктах двойчы на тыдзень ездзяць аўталаўкі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

А вось што нашы землякі думаюць пра гандлёвае абслугоўванне ў райцэнтры:

Раіса Андрэеўна:
– Мне падабаецца магазін «ХІТ», таму што недалёка ад дома і можна купіць тавары танней, часта бываюць скідкі. Тут даволі шырокі асартымент малочнай прадукцыі, у тым ліку любімага «Ляхавічка». Багаты выбар і садавіны, агародніны, заўжды ў наяўнасці птушыная раздзелка.

Анастасія:
– Для нашай сям’і магазін нумар адзін у Ляхавічах – «Усходні». Што тычыцца харчовага кошыка, тут купіш усё. Калі на парозе нечаканыя госці, можна ўзяць смачныя стравы да святочнага стала, нават гатовыя салаты. Вялікі выбар мясных вырабаў, каўбас, рыбы. Яшчэ адзін плюс на карысць «Усходняга» – выпечка на любы густ.

Міхаіл Пятровіч:
– Мы з жонкай аддаём перавагу «Роднаму куту» – «начніку» на вуліцы Леніна. Па-першае, задавальняе графік работы: можна дапазна займацца хатнімі справамі, а потым на веласіпедзе пад’ехаць у магазін. Таксама добра, што тут багата хлебабулачных вырабаў Ляхавіцкага кааппрама – заўжды ўсё свежае, смачнае і па кошце прымальнае. Раз на тыдзень ездзім у фірменны магазін Бярозаўскага мясакансервавага камбіната, дзе вялікі выбар мясной прадукцыі.

Ксенія і Максім:
– «Санта», «Усходні», «Разумны выбар» – магазіны, дзе можна купіць літаральна ўвесь кошык неабходных прадуктаў, уключаючы мяса, садавіну, агародніну, фрукты, салодкасці і г.д. Гаспадарчыя тавары, сродкі асабістай гігіены і мыйныя купляем у «Міле», «Востраве чысціні і смаку». За посудам, рознымі дробязямі ходзім у «Фікспрайс» ці «Тры цаны». Адзенне іншы раз выбіраем у гандлёвых кропках у «Этажы», але ў асноўным ездзім у Баранавічы ці набываем праз інтэрнэт.

Ганна Аляксееўна:
– Сумую па магазіне «Верас», мне яго не хапае. Купляю там, дзе неабходны тавар танней: то сяброўкі, то суседкі, то на рабоце падкажуць, у які магазін лепш зайсці. Апошнім часам купляю прадукты ў «Заводскім». Па культуры абслугоўвання мне падабаецца «Усходні».