За старанні — медаль і сто балаў. Выпускніца СШ №2 г. Ляхавічы здала ЦЭ на сто балаў

Выпускніца СШ № 2 Арына Харке на Ляхавіччыне – чэмпіёнка цэнтралізаванага экзамену. Запаветную сотню ёй прынесла беларуская мова. Для Арыны беларуская мова родная і самая мілагучная. Англійская, як паказаў ЦЭ, таксама зразумелая, што і пацвердзілі 79 балаў у сертыфікаце. Дастойна вытрымала Арына і выпрабаванне па матэматыцы. На ЦТ атрымала 85 балаў. І на сёння з магчымых 400 у яе 357 балаў.

– Матэматыка аказалася не такой страшнай, як уяўлялася. Думала, што будуць незнаёмыя і складаныя заданні. Але ўсё атрымалася. З адведзеных 3,5 гадзін выкарыстала дзве. Вельмі ўдзячна ўсім, асабліва бацькам, хто мае дачыненне да маіх поспехаў, за падтрымку, веру ў мае сілы і здольнасці, – адзначае Арына.
Пры падрыхтоўцы да ЦТ і ЦЭ асобае значэнне мелі школьныя ўрокі.
Па словах Арыны, на матэматыцы Ніна Сяргееўна Туціна шмат увагі надавала разбору экзаменацыйных заданняў. На поспех працавала і сумесная работа з рэпетытарам.
– Перад ЦТ важна настроіць сябе псіхалагічна і верыць у вынік. У матэматыцы сітуацыяй, у асноўным, кіруюць формулы, але і імі трэба ўмець карыстацца, – дзеліцца Арына.
Важкі плюс у скарбонцы нашай зямлячкі і ацэнка яе 11-гадовай школьнай працы – залаты медаль. З пачатковай школы да выпускнога – выдатніца. Пацвярджэннем, што ва ўсіх класах дзяўчына старанна вучылася, удзельнічала ў алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і актыўнічала ў грамадскім жыцці, сведчаць і шматлікія публікацыі ў газеце і на сайце «ЛВ». Прычым многія з іх належаць аўтарству таленавітай дзяўчыны. Яна з натхне-
ннем дзялілася пра дасягненні рабят у конкурсах, упрыгажанне школы да свята і іншыя падзеі школьнага жыцця. Актывістка валанцёрскага руху тры гады назад была ўзнагароджана паездкай у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». А летась Арына прымала ўдзел у навагоднім абласным балі, які прайшоў у Косаўскім палацава-паркавым комплексе.
– Арына Харке з тых навучэнцаў, якія заўсёды, нягледзячы на цяжкасці, спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Такая наша Арына! Спакойная і разважлівая, у той жа час вельмі мэтанакіраваная і рашучая, а яшчэ творчая і таленавітая. Ад усяго педкалектыву і школы жадаем нашай выпускніцы шырокіх жыццёвых дарог і спраўджвання мараў, – з гонарам адзначае намеснік дырэктара СШ № 2 Таццяна Доруш.
Дзяўчына, акрамя заняткаў у школе, паспявала займацца і ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў на харэаграфічным аддзяленні. Танцы для яе – лад жыцця. Таму невыпадкова ў 10-11 класах вырашыла яшчэ павысіць майстэрства ў ANANKO DANCE SCHOOL. Нейкі час дзяўчына вучылася і ігры на скрыпцы.
– Школьны час для мяне стаў магчымасцю не толькі авалодаць ведамі, але і паспарабаваць сябе ў розных відах дзейнасці. Дамашнія заданні не забіралі шмат вольнага часу і вучылася з задавальненнем. Калі ж нешта не атрымлівалася, старалася ўсё ж такі не пакідаць справу на паўдарозе, – дзеліцца Арына.
Якую прафесію выбера творчая і мэтанакіраваная Арына Харке?
Сваё прафесійнае жыццё яна марыць звязаць з эканомікай. Яе прыцягваюць лічбы і ўсё, што з імі звязана. Выбар дачкі бацькі – Аляксандр і Алена – адабраюць і мараць, каб яна была шчаслівай і паспяховай. Адным з пунктаў жыццёвага плану Арыны значыцца і навучанне вадзіцельскаму майстэрству, дзяўчына працягне таксама займацца танцамі. Дарэчы, за Арыну падчас выпускных і ўступных выпрабаванняў хваляваліся і жадалі ёй удачы браты Яўгеній і Станіслаў, сястра Маргарыта.
Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, Арына стала студэнткай БДЭУ.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.