Наш «веснікавец» – шаноўны юбіляр

4 жніўня Іосіф Карпыза адзначае  шыкоўны юбілей. «ЛВ» –
сённяшнія і былыя супрацоўнікі – шчыра віншуюць Іосіфа Цімафеевіча з 85-годдзем! Жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, творчасці, трываласці, натхнення. Няхай кожны дзень будзе напоўнены прыемнымі эмоцыямі, уражаннямі і запамінальнымі падзеямі. Жадаем, каб побач былі родныя і блізкія людзі. Мы вас любім, наш дарагі Іосіф Цімафеевіч, і заўсёды чакаем чарговых сустрэч.

Разважлівы і памяркоўны, энергічны і няўрымслівы, цікавы і неардынарны. Такім быў і такім застаецца наш зямляк Іосіф Карпыза. А для тых, хто калісьці працаваў у рэдакцыі раённай газеты, і для сённяшніх супрацоўнікаў – наш дарагі і шаноўны настаўнік, паважаны кіраўнік, прафесіянал з вялікай літары, добразычлівы і ўважлівы чалавек – Іосіф Цімафеевіч.

Не аднаму пакаленню газетчыкаў гэты вопытны журналіст даў пуцёўку ў прафесію. На працягу 11 гадоў Іосіф Карпыза стаяў на чале «Ляхавіцкага весніка», а да гэтага некалькі дзесяцігоддзяў працаваў журналістам, намеснікам галоўнага рэдактара, наматаў тысячы кіламетраў па раёне, спачатку на кані, запрэжаным у вазок, а потым і на «ўазіку» ў пошуках інфармацыі, як у той песні «дзеля некалькіх радкоў у газеце». Ён умеў лёгка наладзіць кантакт з суразмоўцам, што вызначальна для журналіста, знаходзіць кампраміс – рыса, важная для кіраўніка. А яшчэ заўсёды быў гатовы падбадзёрыць, натхніць, параіць, даць майстар-клас для пачынаючых газетчыкаў.
Вось ужо 20 гадоў, як Іосіф Цімафеевіч на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ў журналісцкіх радах. Паспрабуйце ўявіць
сённяшнюю раёнку без крыжаванак з подпісам «падрыхтаваў Іосіф
Карпыза». Ён абавязкова аходзіць у кожны кабінет і заўжды шчыра цікавіцца не толькі рэдакцыйнымі буднямі, але і паўсядзённымі справамі, клопатамі кожнага з тых, хто працуе ў газеце. Трывалыя сувязі з колішнім калегам падтрымліваюць і ветэраны раёнкі. Іх сустрэчы абавязкова цёплыя і эмацыйныя, ім ёсць што ўспомніць і пра што пагаварыць.
Калі на вуліцах роднага горада бачыш постаць Іосіфа Цімафеевіча, з радасцю спяшаешся яму насустрач, бо пазітыўны настрой гарантаваны.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.