Служба дні і ночы. Прафсаюзы ўшаноўвалі аператараў ачышчальна-сушыльных комплексаў

Ні песняў, ні вершаў у гонар гэтых удзельнікаў збожжаўборачнай кампаніі вы, хутчэй за ўсё, не пачуеце. Нават зараз, у самы яе разгар, праца гэтых людзей знаходзіцца ў цені камбайнераў, вадзіцеляў на перавозцы ўраджаю, аграномаў…

На зернетаку СУП «Ліпнянка».

А, між тым, ад работнікаў збожжавых такоў увогуле і аператараў ачышчальна-сушыльных комплексаў у найбольшай ступені залежыць не проста многае – усё, што тычыцца чысціні і захаванасці нядаўна сабранага збожжа ці, напрыклад, алейнага насення рапсу. Асабліва рапсу, паколькі працэнт складской вільготнасці гэтага прадукту палёў павінен складаць значна больш жорсткую велічыню, чым, напрыклад, для пшаніцы.
Недасушыш – ёсць рызыка сапсаваць збожжа, а яго недастатковая ачыстка, ненарматыўная ступень засмечанасці, як правіла, адлюстроўваецца на цане продажу.
Работа ачышчальных збожжасушыльных комплексаў выходзіць на пік у «мокрыя» перыяды. У такія дні ЗСК не знаюць перапынкаў – працуюць на максімальных абаротах і ў рэжыме 24 на 7.
Магчымасць упэўніцца ў гэтым прадставілася на бягучым тыдні падчас чарговага прафсаюзнага «камплімента» ў адрас ляхавіцкіх удзельнікаў жніва.
У той дзень дождж пайшоў яшчэ ноччу, а завяршыўся прыкладна
апоўдні. Збожжаўборка была пастаўлена на паўзу, камбайны перамясціліся на машынныя двары ў чаканні сонца. І толькі ЗСК працавалі па-ранейшаму, са жніўным размахам. Да іх і ляжаў шлях старшыні Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірыны Чуры, яе калегі з аб’яднаных прафсаюзаў Тамары Пракап’юк і намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталлі Грынкевіч.
– Безумоўна, пасеяць, вырасціць і сабраць ураджай – задача нялёгкая. Але не менш клопату, увагі, прафесіяналізму і працоўнага натхнення неабходна, каб яго дапрацаваць, давесці да нормы.
Жадаю вам вытворчых і не толькі поспехаў, здароўя, усяго найлепшага, – такія ці амаль такія словы гучалі з вуснаў лідара раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Ну, а пірагі сталі салодкім дапаўненнем да ўдзячнасці і добрых пажаданняў.
Прафсаюзна-партнёрскі камплімент-рэйд пачаўся з зернятоку ЗАТ «Белпрампрыбор», атрымаў прадаўжэнне на такім жа аб’екце СУП «Ліпнянка». Былі віншавальныя «пітстопы» на лакацыях ЗСК «Галавачы» і «Дарава» ААТ «Шлях новы», у Русінавічах СВК «Ляхавіцкі», аграгарадку Нача аднайменнага адкрытага акцыянернага таварыства. Фінальны акорд прагучаў у ААТ «Жарабковічы» – для работнікаў ачышчальных зернесушыльных комплексаў у Жарабковічах і Падлессі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

ЗАТ «Белпрампрыбор».
ААТ «Шлях новы».