«Ліпнянскі» хлеб. Шчыруюць на жніве і працаўнікі СУП «Ліпнянка»

На мехдвары СУП «Ліпнянка» ў Востраве ў сонечнае надвор’е – ніводнага камбайна. Карэспандэнты «ЛВ» змаглі застаць камбайнераў у мехмайстэрнях толькі пасля дажджу, калі механізатары рыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле. Адны былі заняты ачысткай-мыйкай машыны, хтосьці правяраў спраўнасць ці падкручваў вузлы…

Аляксандра Салодкага газетчыкі адарвалі ад «тэхагляду» жалезнага сябра. Увесь у мазуце, камбайнер доўга не згаджаўся на фотаздымак: маўляў, няма часу. Сціпласць, дарэчы, не перашкаджае працаваць ударна. Як толькі паспявае збожжа, Аляксандр бярэ водпуск у сталічнай будаўнічай арганізацыі і спяшаецца ў родны Ліпск. І так ужо больш за 20 сезонаў. Неаднойчы быў сярод перадавікоў, прымаў віншаванні за перамогу ў раённым спаборніцтве. Сёлета ён зноў лепшы ў гаспадарцы, на яго рахунку амаль трэцяя частка ўбранага ў «Ліпнянцы» збожжа.


Механізатар Іван Буйкевіч вясну пачынае на «Кіраўцы»: апрацоўвае зямлю. А ў сезон садзіцца на камбайн – вось ужо дзясяты год.
Канешне, хлебаробская справа нялёгкая. Часам у кабіне даводзіцца шчыраваць па 12 гадзін і больш, выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну. Але гэта таго вартае – жніўныя вынікі аплачваюцца дастойна ва ўсіх гаспадарках раёна. І для сем’яў механізатараў – добрая падтрымка для падрыхтоўкі дзяцей да школы.
Андрэй Кучура ў сельскай гаспадарцы больш за два дзесяцігоддзі, з якіх два гады ў «Ліпнянцы». На працу ў сельгаспрадпрыемства дабіраецца з Мілавід Баранавіцкага раёна. І зараз разам з іншымі механізатарамі заняты на ўборцы збожжавых.
У адной звязцы з камбайнерамі працуюць вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў і многія іншыя. У гарачую пару кожныя працоўныя рукі – каштоўныя. Асабліва, калі яны ведаюць справу дасканала.
Вадзіцелі прэспадборшчыкаў Іван Пастарнакевіч і Сяргей Параскевіч якраз такія – добрасумленныя і адказныя. Сёння яны па-майстэрску скручваюць салому ў акуратныя катушкі.
Па стане на 2 жніўня ў СУП «Ліпнянка» ўбрана 580 гектараў і намалочана больш за паўтары тысячы тон збожжа.
Кіраўнік «Ліпнянкі» Мікалай Брокар адзначае, што ўборачная – работа
камандная, і кожны працаўнік на сваім участку стараецца
не падвесці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.