На жаль, парадак не паўсюдна. Што выявіў у Ляхавічах сумесны рэйд па добраўпарадкаванні

Парадак і безгаспадарчасць, акуратнасць і нядбайнасць… На жаль, такія супрацьлеглыя сюжэты можна ўбачыць на вуліцах райцэнтра. Што і пацвердзіў чарговы сумесны рэйд па добраўпарадкаванні ў мінулую сераду з удзелам начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марыны Завадскай і карэспандэнта «ЛВ».

Гарадская вуліца Клімука сустракае зараснікамі, сярод якіх жоўтай плямай «красуецца» залатарнік канадскі. Індывідуальны жылы дом знаходзіцца адразу па двух адрасах: вуліца Клімука і вуліца Валошкавая. А з-за зараснікаў пустазелля тут хутка не будзе відаць пабудовы.
– Значныя бюджэтныя сродкі былі выдаткаваны на ўкладку ў гэтым мікрараёне тратуарнай пліткі. Зараз яна знаходзіцца не ў лепшым стане. Магчыма, камунгас забыў, што неабходна ачышчаць пакрыццё, у тым ліку, ад расліннасці. Непрыгожа і непрыемна глядзець на такую безгаспадарчасць, – адзначае Марына Завадская.
Не задавальняе жыльцоў дома № 4 па вуліцы Будаўнікоў (фота 1) той факт, што пасля пракладкі цеплатрасы (работы вёў камунгас) да новабудоўлі ў бліжэйшых дварах утварыліся склады рэшткаў будаўнічых матэрыялаў. Вось такі негаспадарчы падыход да навядзення парадку ў ПМК-13, гэта іх зона адказнасці.
А вось пра жыльцоў першага пад’езда дома № 6 па вуліцы Будаўнікоў можна гаварыць як пра дбайных гаспадароў: прыгожы кветнік пасадзілі каля свайго пад’езда.
Мінус чаргуецца з плюсам – гэта пра парадак і чысціню на вуліцы Дружнай. Каля адных дамоў усё эстэтычна, каля іншых зусім наадварот. Так, насупраць аднаго з дамоў (фота 4) – вялізная гара чарназёму, якая зарасла пустазеллем. Недалёка звалка са старых бярвёнаў, стаіць іржавы аўтамабіль.
– Згодна з правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў уладальнік ці арандатар прыватнага домаўладання павінен утрымліваць у парадку і прыбіраць тэрыторыю свайго ўчастка. Павінен кантраляваць санітарны стан прылягаючай да ўчастка тэрыторыі, канкрэтны памер якой вызначаны адпаведным рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама ад 7.05.2021 года – не больш за 10 мет-
раў ад домаўладання. Забараняецца загрувашчваць вуліцы, праезды, газоны, тратуары і іншыя прылягаючыя тэрыторыі населенага пункта бытавымі прадметамі, цвёрдымі відамі паліва, будаўнічымі матэрыяламі, размяшчаць ЦБА ў неўстаноўленых месцах,
зліваць вадкія адходы на зямлю,
у ліўнёвую каналізацыю, водныя аб’екты. Акрамя таго, уласнік не павінен складзіраваць і захоўваць больш за 72 гадзіны на прылягаючай да агароджы вулічнай тэрыторыі дровы, брыкет, вугаль, пясок, будаўнічыя матэрыялы. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: на фізічную асобу да пяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 5 да 10 БВ, на юрыдычную асобу – ад 10 да 20БВ, – гаворыць Марына Завадская.
Адзін з адрасоў па завулку Палявым хутка трапіць у палон зараснікавай расліннасці. Няўжо гаспадару цяжка скасіць?
– З пачатку года супрацоўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама выдалі 43 прадпісанні ўласнікам жылых дамоў і юрыдычным асобам, сем рэкамендацый, 13 паведамленняў і восем даручэнняў аб неабходнасці навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях такія грамадзяне абавязаны выплаціць штраф, – тлумачыць Марына Завадская.
Пакос травы ў дварах шматкватэрнікаў і на гарадскіх землях агульнага карыстання – справа Ляхавіцкай ЖКГ. Маніторынг паказаў, што на большасці тэрыторый з пастаўленай задачай камунгас спраўляецца. Тым не менш, недапрацоўкі ёсць. Сярод адрасоў нязробленага, куды рукі і касілка не дайшлі, – двор дома № 4 па вуліцы Юбілейнай (фота 3). Частка скошана, астатняе чакае сваёй чаргі.
Зафіксаваны і бардак пры ўваходзе ў падвал аднаго з пад’ездаў гэтага шматкватэрніка (фота 2): у вадзе плавае смецце і будаўнічыя адходы.
Пабывалі і ў мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай. Марына Завадская нагадала, што з чэрвеня 2023 года тэрыторыя ЖБСК і ЖБК у якасці агульнай маёмасці знаходзіцца пад упраўленнем Ляхавіцкай ЖКГ. Тычыцца гэта і астатніх дамоў такога кшталту па ўсім горадзе, акрамя аднаго, дзе ёсць старшыня кааператыва забудоўшчыкаў. Двары шматкватэрнікаў абкошаны ад травы, а вось абсталяванне большасці дзіцячых пляцовак патрабуе падфарбоўкі, а дзе-нідзе і рамонту. Заўвага тычыцца і паламанай у некаторых месцах агароджы футбольнай пляцоўкі.
Маніторынг добраўпарадкавання на Ляхавіччыне будзе прадоўжаны. Паспяшайцеся навесці парадак і чысціню, каб не трапіць у спісы антыгаспадароў.

Галіна КАНЬКО.