Маладзёжныя адрасы з лічбай 1000. Віншавальна-шаноўна было ў мінулую нядзелю на жніўных палетках ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна

Не толькі працоўна, але і віншавальна-шаноўна было ў мінулую нядзелю на жніўных палетках ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы». У цэнтры ўвагі – маладыя сілы. З першых крокаў сёлетняй жніўнай кампаніі камбайнер Аляксандр Камінскі са «Шляху новага» ўваходзіў у тройку лепшых у сваёй намінацыі. Сёлета ён стаў першым на Ляхавіччыне маладым камбайнерам-тысячнікам.

– Ніколькі не сумняваліся, што Аляксандр пакажа добры вынік і на жніве. Ён, нягледзячы на малады ўзрост, сапраўдны ас у механізатарскай справе. Гэта стала відавочна, калі юнак толькі пачаў працаваць у нашай гаспадарцы з лістапада 2021 года. Адказна ставіцца да работы, беражліва даглядае давераную яму тэхніку. Сельгаспрадпрыемства па магчымасці стараецца дапамагаць такім работнікам, каб яны замацаваліся ў гаспадарцы. Вось і Аляксандр Камінскі разам з жонкай і двума дзецьмі атрымалі добраўпарадкаваную трохпакаёвую кватэру ў вёсцы Літва, – расказвае намеснік дырэктара ААТ «Шлях новы» Таццяна Гатоўчыц.
У «Шляху новым» аператарам машыннага даення працуе маці Аляксандра Камінскага, а бацька – вадзіцелем. Акрамя таго, яго малодшы брат Яўгеній (сёлетні выпускнік Навасёлкаўскай СШ) ужо другі год запар падчас канікулаў працуе падсобным рабочым на зернетаку, а з верасня па мэтавым накіраванні ад гаспадаркі будзе вучыцца на тэхніка-механіка ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Значыць, праз некалькі гадоў у «Шляху новым» будзе яшчэ адзін малады кваліфікаваны спецыяліст.
Не першы сезон на перавозцы збожжа працуе малады вадзіцель
ААТ «Жарабковічы» Раман Турко. Яго шлях у хлебаробскую прафесію пачаўся са школы. Ужо тады падлетак дапамагаў бацьку ўпраўляцца з камбайнам. Умела кіраваў штурвалам уборачнай тэхнікі і калі быў студэнтам. Пасля службы ў арміі працаваў не ў сельскай гаспадарцы, але пасля зноў вярнуўся дамоў, уладкаваўся ў «Жарабковічы». Стаў адным з лепшых маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня ў сваім дэбютным сезоне-2021. Не менш паспяховым для Рамана стала і сёлетняе жніво. Акуратна спяшаецца «МАЗ-6501-А8» па наладжаным, звыклым маршруце «поле – элеватар», каб даставіць здабыты ўраджай. Раман ведае цану хлеба, ён вясковец, чым вельмі ганарыцца як прадаўжальнік сялянскай сямейнай дынастыі Турко.
На дзясятак хвілін разгарнулася канцэртна-віншавальная пляцоўка на палях «Шляху новага» і «Жарабковічаў». Віншавалі з працоўнай перамогай маладых рупліўцаў хлебнай нівы намеснікі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Кацуба і Наталля Грынкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч, кіраўніцтва гаспадарак.
І, канешне, было нямала падарункаў, у тым ліку і музычных. Як заўжды з удзячнасцю да нялёгкай жніўнай справы шчыра дзяліліся сваёй творчасцю ўдзельнікі народнага ансамбля песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК.

Важкі сямейны намалот

Яшчэ адзін тысячнік са «Шляху новага» лідзіруе ў намінацыі «Лепшыя сямейныя экіпажы» сярод камбайнераў.
Размова ідзе пра бацьку і сына Аляксандра і Сяргея Цімашкоў, пра якіх
«ЛВ» пісаў яшчэ на пачатку жніва. Зладжаны сямейны дуэт на працягу
ўсёй уборачнай кампаніі нязменна на першай прыступцы раённай дошкі гонару. І, як адчувальна па іх настроі, не збіраецца здаваць свае пазіцыі.
А першая сямейная тысяча збожжа ў раёне – таму пацвярджэнне.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.