Дамы і жылыя масівы. Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі адной з самых стваральных прафесій – будаўнікі


Брыгадзір Вячаслаў Мельнікаў, цесляры-бетоншчыкі Аляксандр Чорны і Леанід Сідор.

Прафесіяналаў будаўнічай спецыяльнасці на Ляхавіччыне набярэцца добры дзясятак, калі не больш. Муляры і маляры, тынкоўшчыкі і плітачнікі, цесляры, страхары і сантэхнікі, мантажнікі і іншыя. Стваральнікі і праваднікі будаўнічых ідэй – праекціроўшчыкі і інжынеры рознага профілю.

Адзіным прадстаўніком будаўнічай арганізацыі ў нашым раёне з’яўляецца Ляхавіцкая ПМК-13. Сёлета ў яе прыгожы юбілей – за плячыма мабільнай механізаванай калоны значацца 55 будаўнічых сезонаў. І хоць калектыў работнікаў скараціўся ў параўнанні з колішнім штатным раскладам – складае каля сотні чалавек, ёсць вытворчыя аб’екты, на якіх выконваюцца будаўнічыя падрады. А галоўнае – ёсць спецыялісты, здольныя з гэтымі падрадамі спраўляцца якасна і ў зададзеныя тэрміны.


У спісе гарадскіх падрадаў УБП ПМК-13 значыцца і капітальны рамонт жылога дома па вуліцы Южакова ў раённым цэнтры, вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі адной з новых будоўляў. І іншае, і не толькі ў межах гарадской інфраструктуры.
У вёсцы Каранеўшчына лагодзіць вока адзін з жылых шматкватэрнікаў.  Дом размешчаны па вуліцы Маякоўскага пад першым нумарам. Архітэктурна-дызайнерская трансфармацыя старой «панэлькі» адбылася, дзякуючы працоўным намаганням работнікаў і спецыялістаў УБП ПМК-13.
Як расказаў старшы прараб арганізацыі Сяргей Каролік, на працягу некалькіх месяцаў будынак капітальна рамантаваўся. Быў праведзены цэлы комплекс будаўніча-мантажных і спецыяльных работ. Выканана аздабленне і афарбоўка фасадаў, іншую форму, выгляд і ўвасабленне атрымалі лоджыі.
– Старыя бетонныя канструкцыі разбурыліся ці не да самай арматуры, якая пачала ржавець, паступова разбурацца і ўяўляла патэнцыяльную небяспеку для жыхароў. Фактычна, лоджыі давялося перабудоўваць нанава, – расказвае Сяргей Іванавіч. Новае жыццё жылога дома пачалося ў канцы сёлетняга чэрвеня, і пакуль ніякіх нараканняў на работу спецыялістаў ПМК-13 не ўзнікала.
Але са здачай дома будаўнічая вахта арганізацыі ў Каранеўшчыне не завяршылася. Побач з ім, капітальна абноўленым, літаральна за дзясяткі метраў разгорнута і выходзіць на прыкладна месячную гатоўнасць будаўніцтва станцыя абезжалезвання.
Напоўнены вытворчым абсталяваннем модуль станцыі абезжалезвання ўжо зафіксаваны на на-дзейным падмурку. З глыбіні больш як дзвюх соцень метраў над зямлёй «выглядае» труба водазаборнай свідравіны, рознавялікі цыліндр воданапорнай вежы.
– На аб’екце працуе комплексная брыгада пад кіраўніцтвам брыгадзіра Вячаслава Мельнікава. Людзі падабраліся дастакова вопытныя, адказныя, майстравітыя. Апроч брыгадзіра, магу назваць цесляроў-бетоншчыкаў Аляксандра Чорнага, Леаніда Сідор ды, бадай, і ўсіх іншых. На аб’екце засталося выканаць абвалоўку свідравін і вежы, планіроўку сумежнай тэрыторыі і іншае, – дае сітуацыйны раскалад старшы прараб.
Так атрамалася, што амаль сінхронна з «Ляхавіцкім веснікам» аб’ект наведаў прадстаўнік тэхнагляду ў будаўніцтве, індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Ляшкевіч.
– Абавязкова адзначце старшага прараба Кароліка. Яго работа вызначаецца акуратнасцю, дакладнасцю следавання ўсім нарматыўным патрабаванням. Дробныя хібы і заўвагі здараюцца. Але ўсё выпраўляецца хутка і без урону якасці будаўніцтва, – адзначыў Мікалай Ляшкевіч.
Мікалай Антонавіч яшчэ нядаўна ўзначальваў Баранавіцкае БУ–111, якое ўзводзіла, у тым ліку і Лядовы палац у Баранавічах. І ацэнка такога спецыяліста, канешне ж, мае вагу, утрымлівае кампетэнтнасць.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.