Ляхавіцкі аграрны каледж агучыў залічаных навучэнцаў

Установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па ўсёй краіне завяршылі прыём дакументаў. 4 і 14 жніўня Ляхавіцкі аграрны каледж яшчэ да апоўдня змясціў на сайт установы спісы залічаных.
Запатрабаваныя сёлета аграрныя спецыяльнасці і ў выпускнікоў дзявятых класаў. Усе 150 месцаў запоўнены.

Лідарам па прахадных балах стала “ветмедыцына” – максімальны бал 9,3. На другім месцы па папулярнасці і “вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання” на аснове базавай школы, дзе вышэйшы бал склаў 7,8.
На спецыяльнасць “вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання” на базе агульнай сярэдняй адукацыі паступілі 25 чалавек. Дыплом аб адукацыі яны атрымаюць праз 2 гады і 6 месяцаў.
Адкуль родам нашы першакурснікі? 43 чалавека з Баранавічаў і Баранавіцкага раёна, 31 – мясцовыя, 12 навучэнцаў з Клецка, дзевяць з Лунінца, дзевяць са Століна і з пералічаных і з іншых раёнаў Брэстчыны. Выбралі месцам навучання ЛАК і жыхары Копыля, Нясвіжа, Гомельскай вобласці, Мінска і Мінскай вобласці і г.д. Калі абагульніць лічбы, то атрымаецца , што сельскагаспадарчую спецыяльнасць выбралі 84 гарадскія жыхары і 66 – з вясковых населеных пунктаў.
Усіх юнакоў і дзяўчат калектыў ЛАКа рады бачыць сярод сваіх навучэнцаў і будзе вітаць на ўрачыстай лінейцы 1 верасня.
Ірына ДУБІКОЎСКАЯ, адказны сакратар прыёмнай камісіі ЛАКа.