Лепшы ляснічы Брэстчыны працуе ў Ляхавіцкім раёне
Усё, што звязана з прыродай, для ляснічага Востраўскага лясніцтва Сяргея Амбражэя – значная частка яго жыцця. Ну кім яшчэ мог ён стаць? Яго дзед і бацька былі ляснічымі. Ён падтрымаў сямейную дынастыю ўжо ў трэцім пакаленні. З дзяцінства хлопец ведаў усе сцежкі-дарожкі ў лясах ля вёскі Уцёс у Баранавіцкім раёне – неаднойчы бацька браў сына з сабой на работу.
Акрамя любві да прыроды, у Сяргея было жаданне як мага больш даведацца пра яе і дапамагаць на прафесійным узроўні. Таму без асаблівых ваганняў месцам вучобы выбраў факультэт лясной гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, атрымаў дыплом інжынера. Пачынаў у Молахаўскім лясніцтве на сваёй малой радзіме. А літаральна праз 2 месяцы быў пераведзены ў Востраўскае.
На працягу вось ужо 17 гадоў Сяргей Амбражэй – адзін з лепшых ляснічых Ляхавіччыны. А цяпер і вобласці. У абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі” менавіта ён дасягнуў самых высокіх паказчыкаў сярод сваіх калег з Брэстчыны.
– Прырода – першааснова, тое з чаго пачалося ўсё, у тым ліку і чалавек. Да яе трэба ставіцца з увагай і пяшчотай, далікатна, тады яна будзе з радасцю дзяліцца сваімі багаццямі. Але прырода не даруе жорсткасці, абыякавасці і дзікунства, – сцвярджае лепшы ляснічы Брэстчыны.
Востраўскае лясніцтва – самае вялікае ў Ляхавіцкім лясгасе. Яно раскінулася на плошчы 12626 гектараў.
Сяргею Амбражэю і яго калегам не ўсё роўна, што будзе з лесам потым, што застанецца нашчадкам. Расклад дня ў іх асаблівы: ідуць у лес, калі яшчэ цёмна, і вяртаюцца дамоў, калі ўжо даўно звечарэла. У лесе яны не для адпачынку, як большасць з нас, а на рабоце. Прызнанне Сяргея Амбражэя лепшым ляснічым Брэстчыны – поспех усяго калектыву Ляхавіцкага лясгаса.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Почёт и уважение Сергею!