Востраў нашай любві

Не верыцца, што наша растанне са школай доўжыцца цэлых 40 гадоў. Здаецца, зусім нядаўна – пайшлі мы ў самастойнае жыццё. Гэта ўласціва, мусіць, усім людзям: азірнуцца на далёкае дарагое з адчуваннем, што адбылося яно толькі-толькі… У лютаўскі суботні вечар пад дахам гасціннай Востраўскай школы было цёпла і ўтульна выпускнікам многіх гадоў. І мы, чый “стаж” – чатыры дзесяцігоддзі – не сталі выключэннем. Як старая пласцінка, гучала ў сэрцы: “Это было недавно, это было давно”…

Летам 1974-га 77 дзесяцікласнікаў нашай школы атрымалі пасведчанні аб сярэдняй адукацыі. Тры класы – “А”, “Б”, “В” – дарагія мае сябры, пасталеўшыя дзяўчынкі і хлопчыкі, цудоўна і непаўторна адсвяткавалі свой выпускны. І вось праз столькі часу паклікаў Востраў нашай любві. Адгукнуліся 28 чалавек – зусім дарослых, сталых, якія адбыліся ў жыцці, у прафесіі, сталі мамамі і татамі, многія – бабулямі і дзядулямі. А тут, у любімай школе, адчувалі сябе “без узросту”. Прыехалі-прымчаліся з Гомеля, Гродна, Мінска, Брэста, Горак. Разгубленасць, расчуленасць, мора настальгічных пачуццяў. Успаміналі сваіх класных Аляксандру Аляксандраўну Лобан, Кацярыну Аляксееўну Юрчык, Таццяну Уладзіміраўну Талкачову і ўсіх-усіх настаўнікаў. Пабачылі ў гэты дзень нашых педагогаў Фёдара Мацвеевіча Шарапава, Алену Емяльянаўну Май, якія выкладалі замежную мову, Зою Сямёнаўну Краўцову, чые ўрокі рускай мовы і літаратуры былі любімымі і непаўторнымі, Ніну Адамаўну Лукашэвіч, Івана Адамавіча Вайцешыка.

Шмат успаміналі, жартавалі, і нічога, што раз-пораз у вачах маіх дарагіх сяброў блішчалі слёзы. Як жа шчымліва – адчыніць дзверы ў свой клас… Сёння ў ім стаяць 4 парты, а некалі было 12. Школа наша прыгожая і дагледжаная, і сённяшнім вучням у ёй цікава, светла і ўтульна, як некалі было нам.

Не маглі нагаварыцца. Паверыце, некаторых сваіх аднакласнікаў я не бачыла 40 гадоў. Нібы па-новаму знаёмілася з Іванам Навікевічам, які працуе ў аддзеле эканомікі Горацкага райвыканкама, Міхаілам Патоцкім (ён машыніст цягніка), Аленай Туроль (яна на пасадзе бухгалтара Гродзенскай мытні), Алай Кавальчук з Баранавіч. А з многімі аднакласнікамі бачуся даволі часта. Алена Лешык працуе рыэлтарам у Мінску, Ларыса Лобан (Бруева) стала выдатнікам аховы здароўя і загадвае адной са сталічных аптэк. Раіса Петрашэвіч засталася ў Востраве. Лідзія Арцём таксама жыве тут і загадвае мясцовым дзіцячым садам (яна і стала арганізатарам нашай сустрэчы).

І, канешне, побач у гэты незабыўны для нас дзень была мая лепшая сяброўка, якую даўно лічу сястрою, – Таццяна Бялова (Бародзіч). Дзе Таццяна – там шчырасць і дабрыня, душэўнае цяпло і спагада. Як жа хвалявалася яна перад сустрэчай са сваёй любімай настаўніцай Зояй Сямёнаўнай Краўцовай, як дзякавала яе за веды, за школу. Таццяна – вядомая журналістка, член сакратарыята Беларускага саюза журналістаў, узначальвала грамадскі Прэс-цэнтр Дома друку Міністэрства інфармацыі, плённа і творча кіравала выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Не буду пералічваць яе высокія прафесіянальныя ўзнагароды – іх шмат. Але скажу галоўнае: мая сяброўка, як і іншыя выпускнікі 1974 года, з верай, надзеяй і любоўю прыехала на сваю вялікую маленькую радзіму. Мы адчулі яшчэ раз: якая ж гэта блізкая ступень роднасці – аднакласнікі.

…Нават вельмі моцны мароз не здолеў “апячы” пялёсткі ружаў, якія мы падарылі сваім настаўнікам.

Мы настаўнікаў

любім і помнім,

Школа – гэта

святое для нас.

Як жа хочацца сесці

за парту

На хвілінку забегчы

ў клас…

Надзея ПАТАПЧЫК,

в. Бенькаўцы.

Фота з сайта школы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *