Завёў сабаку – нясі за яго адказнасць

У актуальнай тэмы бадзяжных жывёл два бакі. З аднаго – гаспадары, якія ўтрымліваюць катоў, сабак, а таксама тыя, хто падкормлівае нічыйную жывёлу, а з другога – абурэненне іншых, якія не згодны жыць побач з антысанітарыяй ці баяцца прайсці па вуліцы, калі насустрач бяжыць зграя сабак.

Асноўны нарматыўны прававы акт, які рэгулюе пытанні ўтрымання сабак і катоў, – пастанова Савета Міністраў «Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнагляднай жывёлы ў населеных пунктах».
У прававым акце ўлічваецца і абарона братоў нашых меншых ад жорсткіх адносін з боку чалавека, і бяспека грамадзян, недапушчэнне нанясення ім шкоды жывёлай, а таксама абарона ад інфекцыйных захворванняў, носьбітамі якіх могуць з’яўляцца каты і сабакі. Устаноўлена норма ўтрымання жывёл у шматкватэрных дамах: не больш за дзве жывёлы, а ў кватэры, дзе жыве некалькі ўласнікаў –
не больш за адну жывёлу на сям’ю ўласніка пры згодзе ўсіх непаўналетніх жыльцоў кватэры.
Уладальнікі сабак, катоў абавязаны ў трохдзённы
тэрмін паведаміць у КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» (якое на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ажыццяўляе рэгістрацыю дамашніх сабак і катоў, выдае пасведчанні і жэтоны), а таксама ў ветстанцыю аб набыцці, продажы, гібелі, знікненні, змене месца жыхарства сабакі і ката. Акрамя таго, гаспадар чатырохлапых абавязаны дастаўляць сваіх гадаванцаў у ветэрынарную ўстанову для абследавання, прышчэпак згодна з патрабаваннямі ветэрынарнага заканадаўства. Шчаняты і кацяняты павінны быць зарэгістраваны ва ўзросце ад 3 да 3,5 месяца. Рэгістрацыя сабак патэнцыяльна небяспечных парод праводзіцца толькі пры наяўнасці даведкі аб праходжанні спецыяльнага навучання, выгул такіх сабак непаўналетнімі забараняецца. Пры рэгістрацыі жывёлы гаспадарам выдаецца рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон устаноўленага ўзору, які павінен быць пастаянна прымацаваны да ашыйніка.
Уладальнікам катоў і сабак забараняецца выводзіць іх у магазіны, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у школы і дзіцячыя садкі, паркі, скверы, стадыёны, рынкі, жывёлагадоўчыя фермы, выгульваць на прыдамавых тэрыторыях, утрымліваць незарэгістраваную жывёлу.
Вызначаны і спецыяльныя тэрыторыі ў райцэнтры, дзе дазваляецца выгул хатніх сабак: у канцы вуліцы Будаўнікоў паміж вуліцамі Кальцавой і Клецкай; уздоўж гаражнага масіву паміж вуліцамі Кастрычніцкай і Арлоўскага.
Як жа змагацца з грамадзянамі, якія парушаюць устаноўленыя правілы ўтрымання жывёлы? Можна звярнуцца з адпаведнай заявай у жылкамунгас, РАУС, ветстанцыю.
Дарэчы, парушэнне правілаў утрымання жывёлы – гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, за якое прадугледжаны штраф у памеры ад адной да 15 базавых велічынь. Такое ж
парушэнне, якое стала прычынай нанясення шкоды здароўю людзей ці пашкоджання маёмасці, – штраф у памеры ад 10 да 30 БВ ці грамадскія работы, ці адміністрацыйны арышт.
Наступны аспект – адлоў безнаглядных сабак. Гэта таксама зона адказнасці камунгаса. Адлоў праводзіцца для папярэджання захворвання людзей і жывёлы шаленствам, іншымі інфекцый-
нымі і паразітарнымі захворваннямі, а таксама для бяспекі людзей, на якіх могуць напасці бадзяжныя сабакі.
Важнае правіла – чысціня і санітарыя ў кватэры і месцах агульнага карыстання. Заводзячы сабаку, трэба ўсвядоміць, што чатырохлапы сябар не павінен прыносіць праблемы як свайму гаспадару, так і іншым людзям. Пры выгуле сабак уладальнік абавязкова павінен мець пры сабе пакет і шуфлік, каб прыбраць за сваім гадаванцам. На жаль, не ўсе сабачнікі так робяць…

Наталля МАСЛОЎСКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва
і ЖКГ райвыканкама.