Мужчынская падача. Ёсць прафесія, якая аднолькава падыходзіць і мужчынам, і жанчынам. Гэта прафесія – настаўнік

Сучаснасць сцірае традыцыйныя ўяўленні пра раздзяленне прафесій на мужчынскія і жаночыя. Жанчыны майстарскі водзяць аўтатранспарт вялікіх і не вельмі памераў, носяць пагоны, выточваюць дэталі, узначальваюць калектывы і г. д. Яны сталі паўнапраўнымі кандыдатамі на вакансіі ў будаўнічую, юрыдычную і іншыя галіны. Мужчын усё часцей можна ўбачыць у сферы прыгажосці, дзе яны дабіваюцца прызнання і дасягаюць вяршынь.
Моцная палова самавыяўляецца, напрыклад, у кандытарскай справе…

А ёсць прафесія, якая аднолькава падыходзіць і мужчынам, і жанчынам. Гэта прафесія – настаўнік. Першапачаткова яна лічылася толькі мужчынскай, з цягам часу цудоўная палова чалавецтва заняла ў ёй лідзіруючыя пазіцыі. Але і сёння мужчын-педагогаў вельмі чакаюць у адукацыі.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік расказала, што ў сістэме адукацыі Ляхавіччыны працуюць 66 мужчын (18 працэнтаў ад агульнай колькасці педагогаў), і тры з іх узначальваюць школы (Конькаўскую і Востраўскую СШ,
Падлескую БШ). У дзіцячым садзе № 4 робіць жыццё дашкалят больш камфортным у псіхалагічным плане педагог-псіхолаг. Лідар па колькасці мужчын-настаўнікаў – гімназія. Тут дзевяць педагогаў, якія вядуць музыку, геаграфію, фізічную культуру, матэматыку, фізіку, тэхнічную працу і рускую мову. На другім месцы па колькасці – СШ № 1, СШ № 2 і Ліпская СШ – па шэсць педагогаў. Якія прадметы выкладаюць нашы землякі? Акрамя пералічаных вышэй прадметаў, педагогі-мужчыны вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак яшчэ і інфарматыцы, хіміі, гісторыі, з’яўляюцца кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні.
З камплекта ведаў і ўменняў, якімі забяспечвае школа, асобная роля належыць фізічнаму развіццю. У многіх хлопчыкаў і дзяўчынак фізкультура ў спісе любімых урокаў.


Настаўнік фізічнай культуры і спорту СШ № 2 Андрэй Сокал (на здымку) ведае, як зацікавіць сваіх выхаванцаў, каб яны з радасцю спяшаліся ў спартзалу ці на стадыён.
Настаўнічае Андрэй Мікалаевіч дзесяцігоддзе. Яшчэ калі вучыўся ў Свяціцкай СШ, вырашыў, што стане настаўнікам фізкультуры, як Васілій Іосіфавіч Малевіч. Асоба і стыль настаўніка, у тым ліку, натхнілі Андрэя Сокала на выбар педагагічнага шляху. Пасля заканчэння Брэсцкага педуніверсітэта імя А. С. Пушкіна малады спецыяліст два гады настаўнічаў на малой радзіме:
– Пашанцавала пачынаць прафесійны шлях сярод сваіх педагогаў, вучыць сваіх юных землякоў. Гэта стала школай жыцця – добрай і ўтульнай, дзе падтрымалі і далі слушныя парады.
У СШ № 2 Андрэя Мікалаевіча ведаюць як настаўніка строгага і прынцыповага, які, у той жа час, імкнецца знайсці індывідуальны падыход да кожнага навучэнца.
– Важна зацікавіць вучня і стварыць сітуацыю поспеху. Не атрым-
ліваецца практыкаванне – займаемся ў індывідуальным парадку, – адзначае Андрэй Сокал.
У яго настаўніцкім арсенале – падтрымка, разуменне і давер. Гэта, як пацвярджае жыццё, матывуе і садзейнічае спартыўным дасягненням. Для выніку лічыць неабходным і захаванне на ўроку дысцыпліны – каб пазбегнуць цяжкасцяў і забяспечыць бяспеку жыццядзейнасці.
Выхаванцы Андрэя Сокала – сярод лепшых на раённых спаборніцтвах, маюць дасягненні і на абласных. Настаўнік асабістым прыкладам далучае навучэнцаў да фізкультуры і спорту, дапамагае зразумець значнасць здаровага ладу жыцця. Андрэй Мікалаевіч – пастаянны ўдзельнік прафсаюзных галіновых спартакіяд, дзе заваёўваў прызавыя месцы па дартсе і більярдзе. Нядаўна бег «Ляхавіцкія мілі дабра». У водпуску па традыцыі адпраўляецца ў Брэст, каб падтрымаць любімую каманду футбольнага клуба «Дынама-Брэст». У школе вядзе спартыўныя секцыі па валейболе і агульнай фізічнай падрыхтоўцы. Некалькі гадоў назад стаў пераможцам раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года» і атрымаў Ліст падзякі за ўдзел у абласным туры.
– Андрэй Мікалаевіч з тых настаўнікаў, хто вельмі адказна ставіцца да справы. Дзеці да яго цягнуцца і з энтузіязмам наведваюць спартыўныя секцыі. А на ўроках пануе атмасфера павагі да навучэнца. Сёлета Андрэй Мікалаевіч будзе весці міжшкольны факультатыў па валейболе сярод школ горада і ўжо сфарміраваў каманду. А яшчэ наш настаўнік фізкультуры прыгожа спявае. Тыя, хто бывае з ім на турзлётах, гэта пацвердзяць, – дзеліцца намеснік дырэктара СШ № 2 Таццяна Доруш.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА