Гарадскі парк, як квэст-паляна. У Ляхавічах прайшла гульня-прыгода праходзіла пад дэвізам «Свет ствараем разам»

У мінулую сераду, 27 верасня, Сусветны дзень турызму адзначылі ужо 44 раз

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Адзначылі па-рознаму: экскурсійнымі паездкамі, новымі турыстычнымі маршрутамі, тэматычнымі гульнямі. У Ляхавічах таксама была гульня –квэст, як абазначылі фармат мерапрыемства яго арганізатары ў асобе РА ГА «БРСМ», фізкультурна-спартыўнага клуба, ЦДАДіМ, ГДК.
Гульня-прыгода праходзіла пад дэвізам «Свет ствараем разам» у зялёных дэкарацыях і абставінах гарадскога парку па вуліцы Дзесюкевіча. Чым не турыстычна-спартыўна-музычная паляна ва ўмовах горада?
Да моманту прыбыцця на паляну каманд-удзельніц гатова было ўсё: замацаваны канаты ў якасці трасы для дэманстрацыі асобных элементаў тэхнікі турызму, усталявана паходная палатка, як узор правільнасці выканання, святлом і нотамі заіграла «разумная» калонка-дынамік, у цені аднаго з дрэў размясцілася спілс-карта Рэспублікі Беларусь, наборы пазлаў абласцей краіны і родных Ляхавічаў. Цэнтрам паляны выступала вежа «Джэнга». Падпарадкоўваючы ўласным дзеянням устойлівасць канструкцыі, каманды прадэманстравалі веданне асноў законаў школьнага курса фізікі, далікатнасць, ашчаднасць, акуратнасць дзеянняў. І, як часам магло ўяўляцца, нават уменне кіраваць калектыўнымі эмоцыямі і дыханнем.
Меладычна, а часта і калектыўна-гучна было на «Музычнай станцыі» маршруту квэст-гульні. Сутнасць конкурсу-станцыі заключалася ў веданні сучасных песень, уменні ўдзельнікаў падхапіць словы, прадоўжыць выконваць песню пасля раптоўнага спынення яе электроннага гучання. Не атрымалася ці атрымалася са спазненнем – мінус бал у выстаўленні ацэнкі па выніках канкрэтнага конкурсу.
Задавальненнем было назіраць за працэсам зборкі старшакласнікамі спілс-карты краіны, пазлаў на тэму яе тэрытарыяльнага ўладкавання.
Ад удзельнікаў квэста патрабавалася на хуткасць і без памылак прайсці адрэзкам турмаршруту і ўсталяваць паходную палатку. Конкурсы-станцыі «Анаконда» і «Кракадзіл» усяго толькі носяць драпежную назву. На справе арыентаваны на індывідуальна-камандны спрыт, кемлівасць, уменне «чытаць» жэсты сябра. І, як у большасці выпадкаў, рэагаваць і дзейнічаць хутка. Думаць, аднак не марудзіць.
Галоўны прыз мерапрыемства – паход у кіно – дастаўся старшакласнікам гімназіі. Каманды СШ № 1,
СШ № 2 і малодшую, якая выступала пад брэндам ЦДАДіМ, журы прызнала другімі. Канешне ж, з уручэннем тэматычных прызоў.
Квэст, як яму і мае быць, прайшоў на адным дыханні, быў цікавым і для школьнікаў, і для тых, хто з гэтага ўзросту даўно выйшаў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.