Прывітанне, другая маладосць! «ЛВ» пацікавіўся ў землякоў: пенсія – гэта старасць ці новыя магчымасці?

Нашы землякі паважанага ўзросту – падапечныя аддзялення ТЦСАН – на гэтым тыдні прынялі актыўны ўдзел у II Рэспубліканскім марафоне па скандынаўскай хадзьбе «Крок да даўгалецця».

Першы дзень кастрычніка ў календары пазначаны як Дзень пажылых людзей. Нашы землякі залатога ўзросту дастойныя цёплых слоў удзячнасці і пашаны за працу, вопыт і мудрасць жыцця. Для многіх з іх выхад на заслужаны адпачынак становіцца новай – яркай і змястоўнай – старонкай жыцця.

Валянціна ЧАРАНКЕВІЧ, ляхавічанка:
– Для мяне пенсія – сінонім і маладосці, і актыўнасці. 44 гады працавала дыспетчарам па вытворчасці ў райаграсэрвісе. Дакумен-
ты, тэлефанаванні і гэтак далей. Сёння з мінулага жыцця засталася толькі сувязь з тэлефонам. Наведваю аддзяленне ТЦСАН, дзе знайшла шмат сябровак і аднадумцаў. Сёння рыхтуемся на стадыёне да спаборніцтва, заўтра ўдзельнічаем, развучваем песні і выступаем, садзім дрэвы, едзем у Грушаўку, круцім педалі ў велапрабегу… Гэта азарт і задавальненне! Да таго, узначальваю ветэранскую арганізацыю райаграсэрвіса, з 1976 года пастаянна прымаю ўдзел у выбарчых кампаніях у якасці члена выбарчай камісіі, назіральніка. А яшчэ валанцёр Чырвонага Крыжа, член грамадскага аб’яднання «Белая Русь», Беларускага саюза жанчын. Актыўнае жыццё дапамагае забыць пра хваробы. Рэкамендую ўсім весці актыўны лад жыцця, рабіць зарадку і падбадзёрваць сябе.
Люблю займацца агародам і збіраць шчодры ўраджай. У мяне чатыры ўнучкі, якіх я вельмі люблю і стараюся быць у курсе іх жыцця. Малодшай Верачцы пяць гадоў, і разам мы і на рэпетыцыі, фотасесіі. Жыццё працягваецца!

Кацярына РАГАЦЭВІЧ, жыхарка аграгарадка Востраў:
– Шмат гадоў працавала начальнікам участка паляводчай брыгады, у свой час была і старастай вёскі. Калі выйшла на пенсію, цяжка было адвыкаць ад актыўнага жыцця. Спраў у вёсцы хапае. Аграга-
раджане ў нас нераўнадушныя і актыўныя. З дапамогай «Белдана» добраўпарадкавалі могілкі. Спяваем з аднавяскоўкамі ў ветэранскім клубе «Неспакойныя сэрцы». Кожны аўторак у мясцовай бібліятэцы рэпеціруем. Спяваем, размаўляем, дзелімся парадамі. І так весялей
жывецца, нягледзячы на мае 80 гадоў.
Захапляюся кветкамі. У мяне 16 кустоў руж розных колераў. З Мінска выпісвала і лілеі. Вакол дома астры, петуніі. Па маладосці вышывала сурвэткі, ручнікі. Пенсію штомесяц атрымліваем дзень у дзень – без затрымак. Зараз толькі каб здароўе не падводзіла.
Міхаіл і Людміла ПАТАПОВІЧЫ, ляхавічане:
– Цалкам згодны з тым, што пенсія – другая маладосць, хоць і было цяжкавата адвыкнуць ад працоўных будняў (75-гадовы Міхаіл Адамавіч працаваў вадзіцелем у ТЦСАН і на пенсію выйшаў пяць гадоў назад, узнагароджаны знакам гонару «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», Людміла Паўлаўна 40 гадоў працавала поварам у каледжы). Нашай сям’і 7 лістапада споўніцца 52 гады. На заслужаным адпачынку маем магчымасць займацца справай па душы. Разам лягчэй апрацоўваць і ўчастак у 15 сотак, з якога маем сваю агародніну і садавіну. Закручваем шмат кансерваў, якімі з радасцю дзелімся з дзецьмі і ўнукамі. У нас чатыры ўнучкі і два ўнукі – вельмі ганарымся імі. Усё маем для добрага жыцця і радасці. Дзяржава пенсіянераў падтрымлівае, галоўнае, каб было здароўе!

Таццяна РАВІНСКАЯ, дырэктар ТЦСАН:
– У тэрытарыяльным цэнтры, хоць на заслужаным адпачынку, працуюць каторы год сацыяльныя работнікі Марыя Шульц і Валянціна Касабуцкая. І скажу так, што без іх нам ніяк немагчыма абысціся. Марыя Іосіфаўна 19 гадоў ездзіць да сваіх падапечных у вёскі Гарадзішча, Ганчары і Мазуркі, а таксама на хутары ў Ганчароўскім сельсавеце. На веласіпедзе ёй даводзіцца пераадольваць кіламетраў дзесяць.
Валянціна Вікенцьеўна 14 гадоў дапамагае сваім падапечным з Завіння, Малога Гарадзішча і Волькі Альхоўскага сельсавета.
Улічваючы іх працаздольнасць, нераўнадушнасць і актыўнасць, назваць іх пенсіянерамі цяжка. Таму, сапраўды, пенсія – час другой маладосці.

Арына КАМЕЙША, унучка 66-гадовай бабулі:
– Маёй бабулі Сафіі Іванаўне Гаўдзіс сёння, 30 верасня, спаўняецца 66 гадоў! Яна ў нас самая маладая, добрая і прыгожая. Бабуля – мая лепшая сяброўка, якой магу даверыць свае сакрэты. Бабуля забірае мяне са школы, і так добра ісці з ёй разам! Яшчэ я ў яе першая памочніца ў дамашніх справах. Мая бабуля ўсё ўмее, усё ў яе атрымліваецца.

Людміла ЛАНКУЦЬ, ляхавічанка:
– Выхад на заслужаны адпачынак стаў новым этапам майго жыцця. Статусу пенсіянеркі не саромеюся, а напаўняю яго падарожжамі, цікавымі справамі і сустрэчамі. На заслужаным адпачынку не так даўно, але паспела пабываць у Маскве, Лідзе, Смаленску, Жыровічах, Слоніме… Уваходжу ў клуб падарожнікаў Барана-
вічаў. Пабывала на многіх канцэртах і фестывалях, удзельнічала ў веламарафонах… Адпачынак душы – фестываль у батанічным садзе ў сталіцы. Бываю там пастаянна.
Важны момант – сустрэчы з унукамі. Навёрстваю ўсё, што прапусціла. Магу з уласнага вопыту сказаць, што толькі ад чалавека
залежыць, якой у яго будзе пенсія – ціхай і шэрай ці яркай і эмацыянальнай.

Запісала Наталля ПЕРАПЕЧКА.