Бібліятэчныя прыступкі. Ляхавіцкая ЦБС заваявала ўзнагароды на IV міжрэгіянальным фестывалі «ПРАсоўванне КНІГІ. Бібліятэчныя прыступкі»

Напрыканцы верасня горад Карэлічы сустракаў гасцей на
IV міжрэгіянальным фестывалі «ПРАсоўванне КНІГІ. Бібліятэчныя прыступкі». Мерапрыемства праходзіла на базе Карэліцкай раённай бібліятэкі.

–Удзячны за запрашэнне і, канешне, скарысталіся магчымасцю паглядзець на работу калег і прэзентаваць нашы праекты. Праграма фестывалю, які прысвечаны Дню народнага адзінства, была даволі насычанай. Гэта і шматлікія кніжныя выставы, сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, мастакамі, прадстаўнікамі выдавецтваў «Адукацыя і выхаванне», «Мастацкая літаратура», Выдавецкага дома «Звязда», супрацоўнікамі бібліятэк Карэліцкага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Воранаўскага раёнаў. Бібліятэкары прадстаўлялі свае ўстановы на прэзентацыі пляцовак у трох намінацыях: «Бібліятэка як брэнд», «Прасоўванне бібліятэкі ў сацыяльных сетках», «База даных уласнай генерацыі», – расказвае Вольга Пляшэвіч.
Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма атрымала дыплом І ступені ў намінацыі «База даных уласнай генерацыі». На рахунку землякоў-бібліятэкараў і Падзяка Выдавецкага дома «Звязда» за актыўнае супрацоўніцтва і за папулярызацыю чытання.
– Прыемна, што прадстаўленая Ляхавіцкай ЦБС краязнаўчая база даных мела такі поспех. У Карэлічах мы прэзентавалі праекты «Населеныя пункты раёна», «Вуліцы нашага горада», «Духоўная спадчына Ляхавіччыны», тапанімічны слоўнік «Мова маёй зямлі», навукова-папулярны электронны рэсурс «Невядомае аб вядомым», віртуальную акцыю «Гісторыя Перамогі ў асобах». Арганізатарам і стваральнікам выставы стала загадчык сектара раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Таццяна Зелянко, дапамагала ёй мастак-афарміцель Святлана Кухта. Многія ўдзельнікі фестывалю з інтарэсам знаёміліся з ляхавіцкай прэзентацыяй, і мы чулі ў свой адрас нямала станоўчых водгукаў, – адзначае Вольга Пляшэвіч.
Галіна КАНЬКО.