Спыніць і папярэдзіць. Пра што вялася размова на апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама чарговы раз гаварылі пра бягучую сітуацыю ў раёне па правапарушэннях і злачынствах, а таксама пра пажарна-прафілактычную работу, якая праводзіцца на Ляхавіччыне.

Начальнік РАУС Андрэй Бурдзь прааналізаваў аператыўную сітуацыю і назваў яе спакойнай і стабільнай. Гэта пацвярджае зніжэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў – са 120 за 9 месяцаў 2022 года да 81 сёлета. Менш стала крадзяжоў з жылля (48 у параўнанні з 89). І гэта ў многім дзякуючы і пільнасці насельніцтва, і прафілактычнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Адзначана змяншэнне колькасці злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, – з 38 да 25.
Тым не менш, праблем хапае, ёсць над чым працаваць, адзначыў начальнік РАУС. Зарэгістравана сем злачынстваў у сямейна-бытавой сферы. Супрацоўнікі міліцыі выявілі шэсць эканамічных злачынстваў, адно з якіх адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Павялічылася ўдвая колькасць махлярстваў – з трох да шасці. Колькасць зарэгістраваных кіберзлачынстваў хоць і нязначна, але павялічылася – з 12 да 15 (адно з іх адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх). Па дзевяці ўстаноўлены асобы, якія іх учынілі. Выяўлена сем злачынстваў прэвентыўнай накіраванасці. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 139 сямейных скандалістаў, 71 – за дробнае хуліганства. Супрацоўнікі АДАІ выявілі больш за тры тысячы парушэнняў ПДР. Начальнік РАУС назваў і іншыя лічбы, якія характарызуюць аператыўную сітуацыю ў раёне.
Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч расказаў пра аказанне садзейнічання і меры, якія прымаюцца супрацоўнікамі РАНС і ўсімі суб’ектамі прафілактыкі па забеспячэнні бяспечных умоў, асабліва напярэдадні ацяпляльнага сезона, у домаўладаннях і кватэрах сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян.
На гэтыя і іншыя моманты бяспекі жыцця-дзейнасці звярнуў увагу службаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна даручыў назіральным камісіям больш пільна, з улікам выяўленых недахопаў, абследаваць домаўладанні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.