Адказная работа з перспектывай. Зацікаўлены дыялог не толькі на медыцынскія тэмы адбыўся ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы

Кадравае папаўненне – гэта заўжды здорава. Асабліва, калі на работу прыходзяць маладыя спецыялісты, на якіх ускладаюцца асаблівыя спадзяванні. І ад таго, наколькі маладое папаўненне адчуе сваю значнасць і неабходнасць, клопат пра сябе, у многім залежыць, ці замацуецца яно на першым працоўным месцы.

Сёлета рады ўрачоў, сярэдняга медыцынскага персаналу Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы папоўнілі каля трох дзясяткаў нядаўніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных медыцынскіх устаноў краіны. І такі прыток кадраў – у многім вынік плённай традыцыі, калі на размеркаванне ў ВНУ і ССНУ ездзіць непасрэдна сам галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.


Як прайшлі першыя месяцы самастойнай працы, наколькі задаволены навічкі ўмовамі работы, заработнай платай, вырашэннем жыллёвага пытання, які ўзровень настаўніцтва, і ці плануе моладзь застацца працаваць ва ўстановах аховы здароўя нашага раёна пасля адпрацоўкі – на гэтых і іншых аспектах была акцэнтавана ўвага на сустрэчы маладых медыкаў з кіраўніцтвам раёна, галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, галіновага абкама прафсаюза.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз звярнуўся да медыкаў-навабранцаў з пажаданнямі паспяхова прымяняць на практыцы атрыманыя падчас вучобы веды, быць настойлівымі,
не баяцца цяжкасцяў і плённа працаваць, заклікаў моладзь да шчырага дыялогу.
З першых хвілін было відавочна: сустрэча праходзіць у атмасферы даверу, адкрытасці і зацікаўленасці. Кожны з маладых спецыялістаў расказаў пра сябе, якую навучальную ўстанову закончыў, па якой спецыяльнасці працуе, наколькі вырашаны жыллёва-бытавыя праблемы, падзяліўся планамі наконт рэалізацыі ў прафесіі. Калі абагульніць сказанае, то літаральна ўсе маладыя спецыялісты задаволены ўмовамі, створанымі для работы, многія скарысталіся магчымасцю працаваць больш чым на стаўку. Усе, хто меў патрэбу ў прадастаўленні жылля, атрымаў яго: арэндныя кватэры ці пакой у інтэрнаце. Станоўчая адзнака і памеру заработнай платы. Задаволена моладзь калектывам, дзе працуе. Напрыклад, сямейная пара Цалевічаў – сёлетнія выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, размеркаваліся ў Ляхавіцкую ЦРБ. Антон, які родам з Ганцавіцкага раёна, – загадчык Крывошынскай і Ліпскай амбулаторый урача агульнай практыкі, брастаўчанка Улада – урач агульнай практыкі ў паліклініцы. Сям’я атрымала арэндную кватэру. Абодва зацікаўлены ў тым, каб застацца жыць і працаваць у Ляхавічах. Працэдурная медсястра тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Вольга Дзенісовіч, якая родам са Століна, атрымала пакой у інтэрнаце, а пра-цэдурная медыцынская сястра хірургічнага аддзялення райбальніцы Ева Вайтовіч (ураджэнка Іванаўскага раёна) засялілася ў адзін з пакояў добраўпарадкаванай трохпакаёвай службовай кватэры.
Неаднойчы падчас сустрэчы прагучала, што маладым спецыялістам сапраўды пашчасціла трапіць у адну з лепшых устаноў аховы здароўя Брэстчыны, дзе  добрая матэрыяльна-тэхнічная база, якая пастаянна папаўняецца і абнаўляецца, выдатны калектыў, у якім камфортна працаваць і набірацца вопыту. Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарагляд. Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Мікалай Скаскевіч звярнуў увагу маладых, што перад імі адчынены ўсе дзверы, галоўнае – працаваць добрасумленна, а падтрымка з боку старэйшых вопытных калег-медыкаў гарантавана. Як і гарантаваны важкі сацыяльны пакет падтрымкі маладых спецыялістаў.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч расказаў пра дзяржаўную падтрымку моладзі, спыніўся на пытаннях надыхо-
дзячай электаральнай кампаніі – 2024. Пра тое, наколькі важна моладзі быць актыўнай, творчай,
займацца грамадскімі справамі, гаварылі першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Анастасія Дземідовіч і старшыня Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў Алена Сцяблова.
І пасля завяршэння сустрэчы маладыя спецыялісты прадоўжылі задаваць пытанні і атрымлівалі на іх адказы, што яшчэ раз пацвердзіла значнасць і неабходнасць такога кшталту мерапрыемстваў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.