У ляхавічанкі з карт-рахунка спісаны 450 рублёў, жыхарка Ляхавіцкага раёна вырашыла ў інтэрнэце заказаць дастаўку кветак. Чым закончылася гісторыя

Чужыя рэчы

У адной з вёсак раёна невядомы забраў з гаспабудовы бензапілу, кошт якой гаспадар ацаніў у суму каля 500 рублёў.
Раней судзімы жыхар раёна 1969 г. н. выкраў з дома свайго сваяка 100 рублёў і прадукты харчавання. Злодзей заключаны пад варту.
Раней судзімы 36-гадовы жыхар раёна зайшоў у Ляхавічах у магазін і ўзяў бутэльку гарэлкі, за якую не заплаціў. Аматар спіртнога заключаны пад варту.

Распусцілі рукі…

Жыхар раёна 1988 г. н. пабіў 55-гадовага вяскоўца. Райаддзел СК узбудзіў па факце хуліганства крымінальную справу па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Два сябры – 25- і 26-гадовы – на вадаёме раёна пашкодзілі альтанку, якая належыць прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству. Кошт страты – больш за 400 рублёў.

Небяспечная спасылка

РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі ў адносінах да невядомай асобы, якая размясціла ў інтэрнэце фішынгавую спасылку. Ляхавічанка 1947 г. н. перайшла па ёй, і зламыснік, атрымаўшы несанкцыянаваны доступ да яе інтэрнэт-банкінга, спісаў з карт-рахунка 450 рублёў.
Невядомая асоба падчас размовы ў месанджары пераканала 43-гадовую ляхавічанку, што да яе банкаўскага карт-рахунка ажыццяўляецца не-санкцыянаваны доступ, і грошы трэба абараніць. Паверыўшы, наша зямлячка перавяла на прапанаваны рахунак больш за 1 300 рублёў. РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 209 КК.
36-гадовая жыхарка раёна вырашыла ў інтэрнэце заказаць дастаўку кветак і перавяла грошы прадаўцу, які патрабаваў стапрацэнтную перадаплату. У выніку пакупніца засталася без кветак, якія абышліся ёй у 160 рублёў.
Каб не стаць ахвярай інтэрнэт-зламыснікаў, трэба прытрымлівацца некалькіх правілаў. Важна ні па якой прычыне нікому не перадаваць рэквізіты сваёй банкаўскай карткі, не весціся на тэлефонных «добразычліўцаў» і быць пільнымі пры наведванні нават знаёмых сайтаў.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.