Закупіць і зарабіць. На Ляхавіччыне працягваецца сезон нарыхтовак

Знаёмая пахвалілася: штогод летам на ягадах мае прыбаўку да пенсіі, сёлета, напрыклад, здала парэчак на 300 тысяч.

Калі для гаспадароў прысядзібных участкаў гэты сезон – магчымасць падзарабіць, то для нарыхтоўшчыкаў – экзамен на прадпрымальнасць.

Начальнік аддзела нарыхтовак Ляхавіцкага райпо Віктар Скіндзер расказаў, што ў чэрвені райспажыўсаюз закупаў у насельніцтва парэчку: чорную па 4 тысячы рублёў, чырвоную – па 3. Нарыхтавана 1,5 тоны, якія ўжо адпраўлены на перапрацоўку на слонімскі вінзавод.

З 1,6 тоны закупленых клубніц амаль трэць прададзена насельніцтву праз гандлёвую кропку на перад-рыначнай плошчы. Астатняя ягада адправілася на пінскі вінзавод.

А вось чарніц у гэтым годзе ў нашым раёне вельмі мала – надвор’е падвяло. Нават у самых ягадных мясцінах – неўраджай. Таму і не спяшаюцца іх здаваць у райпо па цане 35 тысяч за кілаграм, а прадаюць шклянкамі і слоікамі на рынку.

На Століншчыне ляхавіцкія кааператары закупілі 343 тоны агуркоў, 316 з іх адпраўлены на кансервавы завод. На момант падрыхтоўкі матэрыялу нарыхтавана 24,7 тоны капусты, ­ 4 тоны цыбулі, 7,6 тоны буракоў, 4,3 тоны морквы. Гэта агародніна ­ будзе рэалізоўвацца ў магазінах райпо, а таксама адправіцца на кухні медустаноў раёна.

На парадку дня –­ пытанне нарыхтоўкі садавіны. Сёлета дрэвы ломяцца ад пладоў, сёння-заўтра насельніцтва прыйдзе з яблыкамі, таму райпо загадзя шукае рынкі збыту.

Хочацца спадзявацца, што ўсе жадаючыя здаць садавіну змогуць зрабіць гэта без чэргаў і іншых праблем, якія часцяком узнікаюць падчас масавага паспявання ўраджаю. Па словах Віктара Скіндзера, у планах прыём яблыкаў у нядаўна адкрытым пункце па прыёме другаснай сыравіны па вуліцы Савецкай, 65 у райцэнтры. Пакуль жа там прымаюць толькі макулатуру, шклабой і г.д.

Са сваіх сотак можна прадаць райспажыўсаюзу цыбулю і моркву па 5 тысяч за кілаграм, буракі і бульбу на тысячу танней, памідоры па 10 тысяч і іншую сельскагаспадарчую прадукцыю (цэны ўказаны па стане на 23 ліпеня). Прымаюць у райпо і лісічкі па 33 тысячы рублёў за кілаграм.

Дарэчы, тым, хто мае намер здаць у райпо ўраджай са сваёй прысядзібнай гаспадаркі ці лясныя дары, загадзя неабходна патэлефанаваць і ўдакладніць (у залежнасці ад аб’ёму) месца прыёму: нарыхтоўчы пункт на рынку ці агароднінасховішча каля чыгуначнага вакзала.

Усё вышэйпералічанае вяскоўцы могуць здаць, не выязджаючы ў райцэнтр, у свае магазіны спажыўкааперацыі.

Спяшаюцца перапрацаваць вырашчаныя натуральныя вітаміны на кансервавым заводзе. Як расказала галоўны эканаміст завода Вольга Бурак, шчыруюць у 3 змены, у тым ліку і па суботах.

Зараз фасуюцца ў 3-літровыя слоікі агуркі. На ўра, як звычайна, пойдзе кансерваванае шчаўе. Яго, дарэчы, вырасцілі на землях падсобнай гаспадаркі 230 тон. На падыходзе кабачкі, морква, буракі, іншая агародніна і зяленіва.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *