Факт-экспрэс-навіны

• ЖАНЧЫНА, ВЯСНА, КАХАННЕ. Святочная праграма, прысвечаная Дню жанчын, сабрала ў ляхавіцкім кінатэ-атры “Кастрычнік” нашых зямлячак самых розных узростаў. З віншаваннямі да іх звярнуліся старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. А потым адбыўся канцэрт, наз-ва якога гаварыла сама за сябе, — “Жанчына, вясна, каханне”.
• З УЗНАГАРОДАЙ! За шматгадовую, добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і ў сувязі са святам – Днём 8 Сакавіка – раённы выканаўчы камітэт узнагародзіў Ганаровай граматай аператара машыннага даення сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Дарава” Людмілу ПРЫСТУПА.
Падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта ўручаны напярэдадні свята 8 Сакавіка начальніку сектара арганізацыйна-прававой і кадравай работы ААТ ”Ляхавіцкі райаграсервіс” Дануце КАЛАЦКАЙ; аператару машыннага даення сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Тальмінавічы” Алене СТАНІШЭЎСКАЙ;
за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё перапрацоўчай прамысловасці – варшчыцы кансервавага цэха ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” Дануце ЛАПІЧ.
• РАУС, З ЮБІЛЕЕМ! 11 сакавіка 70-годдзе адзначае раённы аддзел унутраных спраў. У мінулую суботу адбыліся ўрачыстасці з нагоды юбілею. Міліцыянеры ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым у гады вайны вызваленцам раёна. Узнагароды былі ўручаны ветэранам РАУС і сённяшнім супрацоўнікам міліцыі. У гэты дзень пагоны малодшага лейтэнанта прымерала інспектар ІСН Аляксандра Зубачова і сяржанцкія – міліцыянер ІВУ Андрэй Чаранкевіч. Як і належыць, юбіляру і яго супрацоўнікам быў прысвечаны канцэрт.
Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў павіншавалі калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў і ветэранаў ляхавіцкай міліцыі з 70-годдзем РАУС.
• ПАПЯРЭДЗІЦЬ ВОГНЕННЫЯ ЗДАРЭННІ. У Крывошынскай участковай бальніцы прайшла акцыя “Папярэдзім пажары”. Як паведаміў інспектар РАНС Барыс Амяльянец, выратавальнікі чарговы раз нагадалі прысутным (жыхарам Крывошынскага сельсавета) правілы пажарнай бяспекі і расказалі пра неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Падчас акцыі больш як 20 грамадзян выказалі жаданне набыць АПА і ўстанавіць іх у сваіх дамах і кватэрах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *