Калі марка становіцца брэндам

Аўтар поспеху і попыту, якімі карыстаецца прадукцыя Ляхавіцкага малочнага завода сярод спажыўцоў, — калектыў гэтага слаўнага прадпрыемства. Кожнай навінцы, што папаўняе асартымент, заведама наканавана стаць запатрабаванай. Сакрэт гэтай з’явы дастаткова просты і, можна сказаць, класічны: смачна, карысна, якасна і па прымальнай цане. Але якім чынам усё гэта дасягаецца і спалучаецца? Адпрацаванай да дасканаласці тэхналогіяй, вялікім жаданнем калектыву адпавядаць часу, прызначэнню і не расчароўваць пакупнікоў. Дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Жукоўскі перакананы, што створаны станоўчы імідж прадпрыемства трэба падтрымліваць бесперапынна і мэтанакіравана.

Аб’яўлены Годам якасці 2010-ы разам з вырашэннем шматлікіх рознавектарных задач закліканы стаць часам асабліва абвостранага стаўлення да пытанняў, уласна, якасці. На любым з узроўняў, па кожнай з суадносных жыццёвых пазіцый, спажывецкіх груп і асобных прадметаў ужытку. Стаць, каб прадоўжыць сябе самога і ў наступныя гады-дзесяцігоддзі. Найлепш, калі падобны стыль укараніцца на ўзроўні падсвядомасці як адзіна нармальны.

Што да СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, год якасці на прад-прыемства “прыйшоў” задоўга да 2010-га, з імкнення працаваць у адпаведнасці з самымі высокімі на гэты конт патрабаваннямі стандартаў. У адно з дастаткова даўніх ужо наведванняў прадпрыемства сярод іншай публічнай інфармацыі звярнуў на сябе ўвагу і такі надпіс: “Якасць – галоўны фактар канкурэнтаздольнасці і росквіту прадпрыемства”. Сказанае трэба пазіцыяніраваць у якасці дэвізу для дасягнення галоўнай мэты, што заключаецца ў выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая поўнасцю адпавядае чаканням і патрабаванням спажыўца. Спажыванне прадукцыі Ляхавіцкага малочнага завода даўно не абмяжоўваецца прасторай ці тэрыторыяй уласна раёна. Тую ці іншую з даволі шырокага наменклатурнага пераліку прадукцыю завода любяць у гарадах і вёсках Брэстчыны, іншых абласцях Беларусі, у Расійскай Федэрацыі, краінах Еўрасаюза, куды, дарэчы, адгружаецца казеін ляхавіцкай вытворчасці.

Замежныя пастаўкі, несумненна, можна ўспрымаць як знак якаснасці прадукцыі. Аднак, дакументальна-афіцыйным таму пацвярджэннем з’яўляецца даволі даўняе ўкараненне сістэмы менеджменту якасці, адпаведнай патрабаванням СТБ ISO 9001 і кіравання якасцю і бяспекай на аснове прынцыпаў НАССР па вытворчасці асобных відаў прадукцыі. Ляхавіцкі малочны завод першым з прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна атрымаў падобную сертыфікацыю. Ды і зараз такіх раз, два і лік закончаны.

ISO 9001– універсальная міжнародная сістэма стандартаў. Аднак, будучы універсальнай, як паказала практыка, яна не ў поўным аб’ёме ўлічвае спецыфіку і асаблівасці харчовай вытворчасці. Для апошняй па-трэбны дадатковыя патрабаванні, якія і знайшлі практычнае ўвасабленне ў сістэме аналізу рызыкі і кантролю крытычных кропак (АРККК), што ў англійскай транскрыпцыі абазначаецца як НАССР.

НАССР прызнана ва ўсім свеце як аптымальная і найбольш эфектыўная форма кантролю якасці прадуктаў харчавання, стала свайго роду гарантыяй вытворчасці бяспечных прадуктаў. Яе сутнасць у тым, што акрамя праверкі канчатковай прадукцыі, акцэнтуецца асаблівая ўвага на прамежкавых этапах і стадыях яе вытворчасці. Такім чынам, пасля кожнай наступнай стадыі рызыка атрымаць няякасны прадукт змяншаецца, на выхадзе – практычна да нуля.

Калі назва ці марка нейкай прадукцыі выклікае ў патэнцыяльных спажыўцоў трывала станоўчае ўспрыманне, то маркай быць перастае – становіцца брэндам. Здаецца, падобную аналогію можна правесці і ў дачыненні прадукцыі нашага малочнага завода: каларытны “Ляхавічок” у абазначэнні малака, кефіру, смятаны, тварагу і тварожнай масы з фруктамі-ягадамі, сметанковага масла, ёгуртаў, плаўленага сыру, разнастайных дэсертаў і некаторых іншых відаў і найменняў прадукцыі выклікае толькі станоўчае ўспрыманне.

Дарэчы, усё, што зыходзіць з вытворчых ліній і канвеераў малочнага завода, апроч іншага выгадна адрозніваецца і максімальнай натуральнасцю. Калі гаворка, напрыклад, пра масла сметанковае, то раслінных дабавак ці фарбавальнікаў ніякая экспертыза там не знойдзе. Іх няма, толькі натурпрадукт. Ёгурты – абсалютна “жывыя”: малако, вяршкі, натуральны фруктовы напаўняльнік, цукар, спецыяльна падабраная закваска, у склад якой уваходзяць тэрмафільныя малочнакіслыя стрэптакокі і балгарская палачка. Пры некаторых захворваннях гэтыя бактэрыі вельмі і вельмі дарэчы. Нармалізуюць мікрафлору страўнікава-кішачнага тракту, павышаецца імунітэт арганізма. І іншае: у падобным стылі можна было б “прайсціся”, бадай, па кожнай вытворча-наменклатурнай пазіцыі прадукцыі малзавода. Мэта, аднак, не ў тым, каб давесці да чытача нейкія тэхналагічныя моманты ці інгрэдыенты. А каб пад-крэсліць прынцыповасць пазіцыі вытворцы: выраб і пастаўка на рынак высакаякаснага натурпрадукту.

Зыходная сыравіна, тэхналагічная дакладнасць вытворчага працэсу і яго тэхнічная аснашчанасць, бясспрэчна, – важнейшыя складальнікі атрымання высакаякаснай прадукцыі. Бадай, наперадзе можна паставіць хіба толькі чалавечы фактар. Людзі кіруюць не толькі машынамі – якасцю. Разам з павышэннем тэхнічнага ўзроўню вытворчасці, на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” няспынна клапоцяцца пра ўдасканаленне прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў з’яўляецца перманентным працэсам. Спыніцца азначае адстаць.

Пасля таго, як матэрыял быў падрыхтаваны, прыйшла прыемная навіна: па выніках работы ў 2009 годзе СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” стаў прызёрам агляду-конкурсу па эканоміі сыравіны і энергаматэрыялаў, што праводзіўся сярод прадпрыемстваў дзяржаўнага аб’яднання “Канцэрн “Брэстмясамалпрам”. Адпаведны дыплом за подпісамі генеральнага дырэктара канцэрна і старшыні аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі гарманічна дапоўніў прызавую галерэю завода. Між іншым, факт непасрэдна ў тэму нашай гутаркі. Па словах дырэктара прадпрыемства Вячаслава Жукоўскага, якасць не любой цаной (што з пункту гледжання вытворцы значна прасцей, аднак, для спажыўца менш даступна), а нязменна высокія якасныя характарыстыкі вырабаў пры максімальна аптымізаваных затратах на іх вытворчасць. Гэта і ёсць “печка”, ад якой танчыць канчатковая цана прадукту. Якасць па шырока даступнай цане – таксама адзін з арыенціраў Ляхавіцкага малочнага завода.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *