Снежань падарыў дзіця. У снежні на Ляхавіччыне зарэгістравана 11 нованароджаных
У снежні на Ляхавіччыне зарэгістравана 11 нованароджаных – шэсць у аддзеле загса райвыканкама і пяць у сельвыканкамах: Начаўскім, Крывошынскім, Востраўскім, Навасёлкаўскім, Конькаўскім.
Хлопчыкам далі імёны Арсеній, Леў, Мацвей і Павел. Дзяўчынак назвалі Аліса, Ангеліна, Дарына, Дар’я, Каміла, Надзея і Эмілія, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
«Здаравячком» месяца стала дзяўчынка Дар’я, якая нарадзілася вагой 3 750 грамаў і ростам 54 сантыметры.
Сярэдні ўзрост снежаньскіх бацькоў – 30 гадоў. Самымі маладымі ў гэтым месяцы сталі 23-гадовы бацька, 21-гадовая маці, узроставымі – 38-гадовы бацька і 39-гадовая маці.
Першынец зарэгістраваны ў трох сем’ях, другое дзіця – таксама ў трох сем’ях, трэцяе і чацвёртае дзіця ў двух сем’ях. У адной сям’і нарадзілася сёмае дзіця.
У снежні марш Мендэльсона гучаў для дзевяці пар. Чатыры цырымоніі прайшлі ў аддзеле загса райвыканкама. Два пасведчанні аб рэгістрацыі шлюбу выдадзена ў Жарабковіцкім сельвыканкаме, па адным – у Ганчароўскім, Крывошынскім і Востраўскім сельвыканкамах.
Сярэдні ўзрост снежаньскіх жаніхоў і нявест – 45 гадоў. Узрост жаніхоў – ад 26 да 67, нявест – ад 28 да 59 гадоў.
Напярэдадні Новага года ў аддзеле загса райвыканкама быў зарэгістраваны шлюб паміж жыхаркай раёна і грамадзянінам Расійскай Федэрацыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА

