Сям’я з яблыневым адрасам. Карэспандэнты «ЛВ» з задавальненнем пабывалі яшчэ ў адной шматдзетнай сям’і

Ляхавічанка Вольга Вайцяхоўская – адна з 392 шматдзетных маці ў нашым раёне. Жыццярадасная, энергічная, прыгожая, шчаслівая, яна з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень.

Сям’я, у якой сем «я», – гэта пра ляхавічан Артура і Вольгу Вайцяхоўскіх і іх дарагую пяцёрку. Алеся, Данііл, Ангеліна, Анастасія і Арына – сына і чатырох дачок мнагадзетныя бацькі лічаць вялікім дарам і благаславеннем лёсу.

– З мужам марылі пра вялікую сям’ю, дзе будзе не адно і не два дзіцяці. І калі нарадзілася старэйшая Алеся, вырашылі, што імёны і астатніх дзяўчынак будуць пачынацца з літары «а».
Атрымалася! І нам вельмі падабаецца, – адзначае Вольга Вайцяхоўская.
Сям’я Вайцяхоўскіх 18 лістапада адзначыць сваё 18-годдзе. Пры-
знаюцца, што «паўналецце» сустрэнуць у дамашнім коле, у якім ім утульна і цёпла.
Галава сям’і Артур працуе вадзіцелем у ААТ «Жарабковічы». Вольга да водпуску па доглядзе дзіцяці працавала тут бухгалтарам. Сваім ладам жыцця яна разбурае стэрэатыпы пра мнагадзетных маці, якіх часцяком уяўляюць заезджанымі жыццёвымі клопатамі і дзіцячымі праблемамі. Жыццярадасная, абаяльная і энергічная, наша гераіня дамашнія справы ўдала спалучае з асабістымі інтарэсамі.
– У мяне чатыры дачушкі, якія бяруць з мяне прыклад. Можна доўга разважаць пра тое, як павінна быць, але калі на практыцы інакш – усе ўрокі дарэмныя. Таму стараюся адпавядаць: манікюр, прычоска… Ды і якая жанчына не модніца?! Лічу, маці павінна быць прывабнай і знешне, і ўнутрана, – дзеліцца Вольга і з гонарам расказвае пра сваіх дзяцей.
17-гадовая Алеся паспяхова вучыцца ў Нясвіжскім дзяржаўным педкаледжы імя Якуба Коласа на настаўніцу замежнай мовы, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы. Сярод узнагарод дыпломы, граматы і падзякі рознага ўзроўню. Алеся іграе на скрыпцы, спрабуе пісаць вершы на англійскай мове. Сёстры і брат заўсёды з нецярпеннем чакаюць яе дома.
Данііл – дзесяцікласнік гімназіі. Раней ён актыўна займаўся лёгкай атлетыкай у СДЮШАР (пацвярджэнне – немалая колькасць грамат), а зараз шмат часу аддае вучобе ў класе з хіміка-біялагічным профілем. Марыць стаць урачом і лячыць дзяцей. А пакуль з уважлівасцю клапоціцца пра малодшую сястру – 10-месячную Арыну – любіміцу ўсёй сям’і.
Шасцікласніца Ангеліна – лепшая сяброўка сваёй васьмігадовай сястры Анастасіі. Разам яны займаюцца на харэаграфічным аддзяленні Ляхавіцкай ДШМ, а таксама вучацца ігры на фартэ-
піяна, наведваюць гурток па бісерапляценні ў ЦДАДіМ. Насця яшчэ
і запісалася на гандбол. Дзяўчынкі – натуры творчыя і заўсёды родным на дзень нараджэння прыдумваюць прыемныя сюрпрызы.
Вольга не толькі любячая і пяшчотная маці, але і цудоўная гаспадыня, у якой дамашнія справы распісаны, як па нотах. Бацька раніцай адвозіць дзяцей у школу, а мама пасля заняткаў іх забірае, дастаўляе ў гурткі, калі трэба, на маршруце Баранавічы і іншыя кропкі.
Сям’я жыве ў вялікім доме, які пабудаваў бацька. Дарэчы, узводзілі яго з дапамогай сямейнага капіталу і льготнага крэдыту. Іх адрас – завулак Яблыневы, таму ў садзе ганаровае месца адведзена яблыням, хаця растуць і абрыкосы, і чарэшні, і іншае. Разам з дзецьмі бацькі садзяць агарод, радуюцца першым усходам, а пасля шчодраму ўраджаю. Разам робяць і кветкавыя клумбы, куды пераборліва падбіраюць расліны. Вольга любіць вазіцца з кветкамі, а для родных робіць і салодкія букеты. Калі дзеці былі малыя, шмат вязала. А зараз яе хобі супадае з інтарэсамі дзяцей – так яна адкрывае для сябе нешта новае. Напрыклад, па просьбе дзяцей пачалі асвойваць аэрадызайн – афармленне паветранымі шарамі.
– Упэўнена, калі ў дзяцей ёсць жаданне нешта рабіць, выдумляць, то абавязкова трэба спрабаваць. Так раскрываюцца іх здольнасці і нараджаецца талент, – дзеліцца Вольга Вайцяхоўская.
Мамін працоўны дзень пачынаецца раней за ўсіх. Прыгатуе сняданак
і збірае сваіх школьнікаў. Калі ўсе раз’язджаюцца, мама пераходзіць ва «ўладанне» Арыны. А пасля надыходзіць час дамашніх клопатаў.
У прасторным доме ў кожнага свая тэрыторыя. Насця суседнічае
з Ангелінай, Данііл і Алеся на правах старэйшых маюць асобныя пакоі.
– Вялікая сям’я – гэта не цяжка. Трохі больш зварыць супу – літраў пяць, крыху больш набыць прадуктаў, трохі больш памыць бялізны… Але гэта ўсё прыемныя дробязі, за якія ўзнагародай пяць пар шчаслівых вачэй і ў пяць разоў больш абдымкаў. Дзеці нам з Артурам ва ўсім дапамагаюць. Вучым, каб дзяліліся з намі, бацькамі, сваімі праблемамі, а галоўнае – каб давяралі. Вельмі важна для такіх адносін разумець дзяцей, адчуваць іх і быць зацікаўленымі ў іх справах, – падкрэслівае мнагадзетная маці.
На святы (а такім можна зрабіць любы дзень, перакананы Вайцяхоўскія) накрываюць вялікі стол, на якім абавязкова красуецца торт кілаграмы на тры – і яго выпякаюць разам. Любімы сярод пачастункаў – «Графскія разваліны». Часта да чаяпіцця далучаюцца бабулі і дзядулі. Сярод сямейных традыцый – сумесныя паездкі, да якіх прывыкла нават Арына.
– Быць маці – вялікая адказнасць, але гэта і бязмежнае шчасце. Нават і не ўяўляю, як гэта – сядзець у цішыні. У нас кожны дзень цікавы і непадобны на іншыя – сямейны! – дзеліцца Вольга.
…Вайцяхоўскія аб’явілі збор: трэба вырашыць, як назваць кацяня, якое прыбілася да дома. Заключнае слова па традыцыі сям’я прадастаўляе маме, матулі, мамачцы…

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

РЭЦЭПТ ТОРТА «ГРАФСКІЯ РАЗВАЛІНЫ» ад Вольгі Вайцяхоўскай
Для цеста:
4 яйкі, 250 грамаў цукру, 320 грамаў смятаны, 3,5 сталовай лыжкі какавы, паўбанкі згушчанага малака, 3 сталовыя лыжкі мукі, чайная лыжка соды, пагашанай воцатам.
Для крэму: 600-700 грамаў смятаны, паўбанкі згушчанага малака, 150 грамаў цукру.
Для глазуры: 2 сталовыя лыжкі смятаны, 4,5 сталовай лыжкі цукру, 1,5-2 сталовыя лыжкі сметанковага масла і 2 сталовыя лыжкі какавы.