Такія розныя, такія родныя. «ЛВ» высвятляў, ці адрозніваюцца маці розных пакаленняў

Незалежна ад узросту, прафесіі, знешнасці і месцапражывання яны самыя галоўныя людзі ў свеце. Яны – мамы, крыніца і цэнтр сусвету для сваіх дзяцей – маленькіх і зусім ужо дарослых.

Яны такія розныя, але, у той жа час, і аднолькавыя ў сваёй любві і пяшчоце, клопаце і захаванні сямейных традыцый, адданасці і веры. Падчас сённяшняга апытання «ЛВ» паспрабаваў высветліць у прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, ці адрозніваюцца маці розных пакаленняў.

Марыя МІСЮКЕВІЧ, жыхарка вёскі Куршынавічы:

– Першы раз я стала маці ў 1965 годзе, калі нарадзіла дачку, тады мне было без малога 24 гады. Потым у 1966 і 1968 гадах нарадзіліся сыны, а ў 1970 годзе – яшчэ адна дачка. Раней усё было зусім інакш. Дэкрэтныя выплачваліся два месяцы да родаў і два месяцы пасля родаў. Працавала ў леспрамгасе, а потым даяркай у калгасе. Спачатку мы з сям’ёй жылі на хутары, дзе нават электрычнасці не было, але нічога – спраўляліся. Вельмі дапамагала мая свякроў, якая днём даглядала дзяцей, а мы з мужам тым часам працавалі. Муж па магчымасці таксама дапамагаў і з дзецьмі, і па хатніх справах. Клапаціліся пра дзяцей, каб даць адукацыю, ды і потым, каб добра ўладкаваліся па жыцці. Малыя хварэлі, але пра бальнічныя і размова не ішла, толькі калі старэйшая дачка яшчэ немаўляткам захварэла пнеўманіяй, то ляжала з ёй у бальніцы. Канешне, было цяжка, як, дарэчы, і многім, у каго вялікая сям’я. Я і сама з мнагадзетнай сям’і, нас у бацькоў было чацвёра. Вучылі дзяцей быць добрымі, спагадлівымі, падтрымліваць адзін аднаго. Ніколі не пашкадавала, што нарадзіла чацвярых. Затое цяпер такое шчасце, калі прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі. Мы вялікая і дружная сям’я.

Алена ДЗЯБРЭЙ, вядучы спецыяліст па прававой і кадравай рабоце
ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі»:

– Я мама пяцігадовага Макара і дзевяцігадовай Сафіі. Да нараджэння дзяцей лічыла сябя моцнай жанчынай, ніколі не хвалявалася па дробязях. А вось у статусе двойчы мамы стала больш уразлівай, бо вельмі хвалююся за сваіх дзетак. Але гэта не праяўленне слабасці, а, магчыма, большая адказнасць, клопат. З дачкой была ў дэкрэце амаль да трох гадоў, а вось з сынам выйшла на работу раней, калі Макару споўнілася 1,8 года. Мы з мужам і дзецьмі пераехалі ў Баранавічы, а на работу па-ранейшаму ездзім у Тухавічы. Сына аформілі ў Тухавіцкі дзіцячы садок, дачка вучыцца ў гімназіі ў Баранавічах. Хачу адзначыць высокі ўзровень выхавання ў Востраўскім і Тухавіцкім дзіцячых садках. Тут не толькі клапоцяцца пра дзетак, з імі праводзіцца рознабаковая адукацыйная работа. Мая Сафія выдатніца ў гімназіі, лічу, што гэта заслуга і выхавальнікаў сельскай дашкольнай установы.
Быць мамай у наш час лёгка і складана адначасова. У мяне і мужа – добрая работа і адпаведная заработная плата. На прадпрыемстве, дзе працуем, выдатны сацыяльны пакет, адчувальны і дзяржаўны клопат пра сям’ю. Але ў той жа час мацярынства – гэта высокая адказнасць, тым больш, у наш камп’ютарны век цяжка ўтрымаць дзяцей ад віртуальнай рэальнасці. Стараюся як мага часцей разам з дзецьмі адпачываць, падарожнічаць, разам развівацца. Мы з мужам перакананы, што бацькоўскай любві многа не бывае.

Алена САЛАНЕНКА, былы ўрач-педыятр Ляхавіцкай ЦРБ:


– Як урач з больш чым 40-гадовым стажам, скажу: і тады, калі толькі пачынала сваю прафесійную дзейнасць, і цяпер мамы былі і ёсць адказныя, клапатлівыя. У 80-я гады ў Ляхавічах было два ўчасткі, за кожным з якіх замацаваны педыятр, сёння такіх участкаў чатыры.
Напрыклад, у той час на маім участку было 120 дзетак ва ўзросце да года, а летась – 40.
Нямала прыкладаў, калі даводзілася быць доктарам некалькіх пакаленняў адной сям’і: спачатку назірала і лячыла маленькую дзяўчынку, а потым і дзяцей гэтай дзяўчынкі, якая вырасла і сама стала мамай. Асаблівасць сучасных маладых маці – большая мабільнасць і камунікабельнасць, што, па маім меркаванні, з’яўляецца плюсам. Маці можа патэлефанаваць урачу ўдакладніць лячэнне ці параіцца па плане прышчэпак для дзіцяці.
А вось умовы ў паліклініцы цяпер істотна зручнейшыя і больш утульныя, чым раней. Педыятры вядуць прыём у асобным крыле паліклінікі, урачоў стала больш, адпаведна, і чэргі з маленькіх пацыентаў куды карацейшыя, тым больш, што можна запісацца на прыём папярэдне ў рэгістратуры ці праз інтэрнэт. Мне кам-
фортна было працаваць як з мамамі 80–90-х гадоў мінулага стагоддзя, так і з мамамі-сучасніцамі.
Я таксама мама дзвюх дачок і бабуля чатырох унукаў, таму ўпэўнена, мацярынства – гэта шчасце, якое трэба берагчы.

Вольга ГАТОЎЧЫЦ, медсястра аблбальніцы «Крывошын»:

– Сына нарадзіла ў 1985 годзе, дачку – праз восем гадоў. Тады яшчэ памперсаў не было, таму, як і нашы мамы і бабулі, рабілі падгузнікі з тканіны. Цяжка было з цацкамі, не было такой разнастайнасці, як цяпер.
Ды і адзенне дзіцячае – у дэфіцыце, каб купіць, даводзілася адстаяць у чарзе па некалькі гадзін. Таму перадавалі цацкі, адзенне, каляскі з пакалення ў пакаленне, дзяліліся з суседзямі, сваякамі. Не было асаблівай разнастайнасці і ў сумесях для дзіцячага харчавання, у асноўным бралі «Малютку» і «Малыша», каб імпартныя купіць, даводзілася пастарацца. Таму пасля груднога кармлення пераходзілі на каровіна і казінае малако.
Дародавыя выплаты і выплаты пры нараджэнні дзіцяці былі істотнай падтрымкай для сямейнага бюджэту, потым штомесячна атрымлівалі дэкрэтныя. У 90-я гады ХХ стагоддзя, калі аддавалі дзіця ў дашкольную ўстанову, маці атрымлівала 50 працэнтаў ад сумы дэкрэтных выплат. Наколькі ведаю, цяпер нават калі дзіця афармляюць у садок, штомесячныя дэкрэтныя выплаты захоўваюцца ў поўным аб’ёме.
А вось з чым не было праблем, дык гэта з уладкаваннем у дзіцячы садок – ён у Крывошыне быў цудоўны, з выдатнымі ўмовамі і клапатлівымі работнікамі. Калі сыну споўніўся год, выйшла на работу, з дачкой знаходзілася ў дэкрэтным водпуску амаль да трох гадоў. Думаю, што цяпер у плане забяспечанасці бацькам даводзіцца лягчэй: у магазінах шмат разнастайнага адзення, цацак, у тым ліку развіваючых. Тое, што атрымлівае мая ўнучка, адназначна, не было ў яе бацькоў у дзяцінстве.
Але ж ва ўсе часы галоўнае для любога дзіцяці не цацкі, не гаджаты, а бацькоўскія клопат і любоў, увага і шчырасць. Так мы з мужам стараліся выхоўваць сваіх дзяцей, а яны, у сваю чаргу, выхоўваюць нашых унукаў.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.