Выхавальніца, якая спявае

Спяваць ці не – такое пытанне перад загадчыцай Задворскага дзіцячага сада Ларысай Бобер не паўставала ніколі.

— Спевы для мяне не проста хобі, а другое жыццё, якое дапамагае па-іншаму глядзець на, здавалася б, звыклыя рэчы. Вельмі люблю сваю работу, сваіх маленькіх гарэзлівых выхаванцаў. Рада працаваць у такім дружным і зладжаным калектыве. Але ж і работа, нават самая любімая, патрабуе адпачынку, новых эмоцый, натхнення. Усё гэта атрымліваю, калі спяваю, – расказвае ўладальніца прыгожага па тэмбры голасу.

Вучнёўскі хор у СШ № 1 у Ляхавічах, акадэмічны хор навучэнцаў і выкладчыкаў Пінскага педагагічнага вучылішча, Падлескі народны хор, эстрадны ансамбль ГДК райсельгастэхнікі, народная эстрадная студыя “Экспрэс”, фальклорная група Задворскага СДК – у гэтых творчых калектывах не згубіўся, а набіраў моц голас Ларысы, фарміравалася ўласцівая толькі ёй манера выканання.

Выдатныя вакальныя даныя ў Ларысы Уладзіміраўны, як і ў яе малодшай сястры Алены, ад маці Марыі Рыгораўны. Дачку Антаніну сцэна не вабіць. Затое ў прафесіі яна – будучы настаўнік замежнай мовы, а пакуль 5-курсніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта – крочыць за маці.

Кожную раніцу Ларыса Бобер спяшаецца ў паспеўшае стаць родным Задвор’е, дзе яе з нецярпеннем чакаюць маленькія чамучкі.

— Калісьці ў школе задалі сачыненне на тэму “Мая мара”. Я напісала, што хачу быць выхавальнікам. Мара стала рэальнасцю, пра што ніколі не пашкадавала, – расказвае Ларыса Уладзіміраўна.

Яшчэ яна прызналася, што, калі б не атрымаўся з яе “дашкольнік”, то, напэўна, выбрала прафесію гісторыка. І як толькі з’яўляецца вольная хвіліна, Ларыса Бобер з дапамогай кніг, тэлевізійных праграм, інтэрнэту адпраўляецца ў завочнае падарожжа па эпохах, краінах, цудах свету.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *