Жыццё за рулём. Сёння прафесійнае свята адзначаюць дарожнікі і аўтамабілісты, у тым ліку калектыў ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы»

Заўтра прафесійнае свята адзначаць дарожнікі і аўтамабілісты, у тым ліку калектыў ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы»

Жыццё за рулём. Гэта пра ляхавічаніна Анатолія Шчэрбу (на здымку) – вадзіцеля аўтамабіля аўтаатрада прыгарадных, міжгародніх і міжнародных перавозак Баранавіцкага аўтобуснага парка. Яго вадзіцельскі стаж пайшоў на пяты дзясятак, сцвярджае, што любоў да аўто пераняў ад бацькі – таксама вадзіцеля.

А ўжо амаль дзесяцігоддзе наш зямляк належыць да асаблівай кагорты прафесіяналаў – тых, каму на час паездкі сваё жыццё давяраюць пасажыры. Жыццё па графіку і маршруце для яго не толькі прафесійны абавязак.
– За столькі гадоў дарога стала сэнсам жыцця. Нягледзячы на тое, што, у залежнасці ад змены, напрамкі паездак змяняюцца, у нас, вадзіцеляў грамадскага транспарту, кожны дзень не падобны на іншы. Некаторых пасажыраў ведаю шмат гадоў, заўважаю іх настрой і, не паверыце, нават змены ў жыцці, – дзеліцца Анатолій
Шчэрба.
Жыхары райцэнтра бачаць яго за рулём МАЗа-206 на гарадскім маршруце, вяскоўцы – на рэйсах у напрамку Гулічаў, Любеек, Тухавічаў, Цыгані і г. д. Шчэрба з тых вадзіцеляў, хто лічыць, што складнікамі камфорт-най паездкі з’яўляюцца і добрае слова, і шчырая ўсмешка.
У штаце аўтастанцыі ў Ляхавічах 10 вадзіцеляў, штодзень па розных напрамках курсіруе пяць аўтобусаў.
– Сярод ляхавіцкіх вадзіцеляў навічкоў няма. Уважлівыя, вопытныя, адказныя, кожны з іх заслужыў за сваю працу словы шчырай удзячнасці. Яны не толькі класныя вадзіцелі, але яшчэ і цудоўныя механікі, якія, калі трэба, ухіляць непаладкі. Прычым падаюць мінімальную колькасць заявак на рамонт – спраўляюцца самі. Сёлета на Дошку гонару аўтапарка занесены вадзіцелі Аляксей Бялецкі і Віктар Бурба. Сярод лепшых і Дзмітрый Нікулін, і Андрэй Жабік. Нядаўна ў калектыве, але маюць ўнушальны вадзіцельскі вопыт Віталій Кедзь і Андрэй Кісляк, – адзначае інжынер-тэхнолаг аўтаатрада прыгарадных, міжгародніх і міжнародных пасажыраперавозак  ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы» Андрэй Масцілоўскі.
Акрамя прынцыповага стаўлення да падбору кадраў, аўтапарк першачарговае значэнне надае бяспецы і камфорту паездак. Сёлета аўтобусныя рады папоўнілі два новенькія МАЗы, якія працуюць на ляхавіцкіх маршрутах. Яшчэ трохі раней непазнавальна змяніўся знешні выгляд аўтастанцыі, палепшыліся ўмовы для ад’язджаючых-прыязджаючых.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.