За ахову – адказваем! У нядзелю 29 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі Дэпартамента аховы

Падраздзяленне гэтай вартавой службы маецца і ў нашым раёне. У аддзяленні па ахове аб’ектаў у г. Ляхавічы сёння нясуць службу
17 чалавек у міліцэйскай форме, 23 вартавыя, працуюць тры манцёры.

Пад надзейнай абаронай аддзялення – больш за 200 ляхавіцкіх адрасоў.
Немагчыма ўявіць паспяховасць і аўтарытэт вартавых дня і ночы без чатырохногіх калег. У аддзеле побач з кінолагамі нясуць службу тры сабакі: нямецкія аўчаркі Лорд і Дэйзі, бельгійская аўчарка Рокі. Кінолаг Дзмітрый Машэй аўтарытэт заваяваў справамі, самы вопытны сярод ляхавіцкай каманды. Два гады ў справе Іван Грыцкевіч. А вось Павел Ціхаў хоць толькі паўгода, як вярнуўся з цэнтра падрыхтоўкі кадраў МУС, паспеў выдатна сябе зарэкамендаваць.
Сёння чатырохногія калегі на перадавой не толькі, калі супрацоўнікі выязджаюць на выклік ці раскрываюць злачынства. Не аднойчы ляхавіцкія Лорд, Дэйзі, Рокі выязджалі на пошукі грыбнікоў, што заблудзілі ў лесе. Ды і свае прафесійныя экзамены гэтыя супрацоўнікі здаюць заўсёды на выдатныя адзнакі.
А яшчэ ляхавіцкія кінолагі сумесна з Маладзёжным парламентам пры райсавеце дэпутатаў са студзеня прапануюць ляхавічанам стаць удзельнікамі праекта «Хачу ў кінолагі». Кожны, у каго ёсць сабака, можа атрымаць парады па доглядзе і дрэсіроўцы ад асаў гэтай справы. Спачатку пару заняткаў тэорыі, абавязкова кансультацыя ветэрынарнага ўрача, а пасля чакаюцца практычныя заняткі. Дарэчы, жадаючыя ўжо ёсць: папярэдняе анкетаванне паказала, шо попыт на такія курсы будзе. Так што ў ляхавічан ёсць магчымасці сваіх пітомцаў адправіць у сапраўдную школу на чале з профі.
А яшчэ ляхавіцкія кінолагі актыўна расказваюць пра сябе ў інстаграме ў акаўнце @kinologi_lyakhovichi_2023.
– Віншую сённяшніх супрацоўнікаў і ветэранаў службы з прафесійным святам. Спакойных дзяжурстваў і плённых будняў, а трывог толькі вучэбных. Жадаю здароўя і шчасця ў кожную сям’ю, –
словы пажадання ад часова выконваючага абавязкі начальніка аддзялення Андрэя Андрэева.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.