Памяць павінна быць чыстай. Падтрымайце ініцыятыву неабыякавых землякоў навядзіце парадак на могілках

2 лістапада ў нашай краіне – Дзень памяці. Ён – своеасаблівая даніна павагі людзям, якія памерлі. Адзін са складнікаў павагі – падтрыманне парадку ў месцах пахавання. І гэта – клопат сваякоў, а таксама спецыялізаваных арганізацый. Добраўпарадкаванне тэрыторый вакол гарадскіх і сельскіх могілак і на іх у нашым раёне – у зоне адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Смецце вывозіцца сіламі і тэхнікай камунгаса па меры запаўнення кантэйнераў.

Правілы ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання прапісаны ў пастанове Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь № 17 ад 10 чэрвеня 2016 года.
У пункце 39 Правілаў замацавана, што асобы, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання, устаноўкі надмагільнага збудавання, ці іншыя асобы па іх даручэнні самастойна за кошт уласных сродкаў сочаць за цэласнасцю і захаванасцю калумбарных нішаў і плітаў, надмагільных збудаванняў, своечасова праводзяць іх рамонт (аднаўленне), афарбоўку, замену ў выпадку разбурэння, выконваюць работы па прыбіранні месцаў пахавання ад смецця, расчыстцы праходаў паміж участкамі для пахавання, выдаленні аб’ектаў расліннага свету з участкаў для пахавання і праходаў паміж імі, ажыццяўляюць догляд за жывымі агароджамі з кустоўя, кветнікамі і газонамі на месцах пахавання. Такім чынам, падкошваць, расчышчаць праходы паміж магіламі, наводзіць парадак непасрэдна на месцах пахавання павінны родныя ці блізкія пахаваных.
А што тычыцца пакосу травы ў месцах агульнага карыстання – на пешаходных дарожках, газонах, пляцоўках, аўтамабільных паркоўках – то гэта абавязкі арганізацыі, на чыім балансе знаходзяцца могілкі (камунгаса). Асобна прадугледжана, што пакос травы павінен праводзіцца своечасова.
Работнікі камунгаса рэгулярна праводзяць агляд і выяўленне аварыйна небяспечных і сухастойных дрэў. Па выніках аглядаў прымаюцца рашэнні аб выдаленні такіх дрэў.
Дарэчы, заканадаўствам забаронена пасадка дрэў у межах пахаванняў.
А грамадзяне маюць права застрахаваць магільныя збудаванні.
Канешне, у ідэале хацелася б, каб усе ўчасткі пахаванняў і тэрыторыі вакол іх былі дагледжаны, уладкаваны, а наведвальнікі могілак не дзялілі прастору паміж магілкамі на сваю і чужую. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што многія пахаванні застаюцца закінутымі на працягу многіх гадоў і нават дзесяцігоддзяў, надмагільныя збудаванні старэюць і разбураюцца, а праз агароджы прабіваецца высокі бур’ян. І гэта праблема не тычыцца нормаў заканадаўства, а знаходзіцца ў сферы агульначалавечых маральных каштоўнасцей.
У якасці станоўчага прыкладу навядзення парадку на могілках можна прывесці Ганчароўскі сельсавет. Кіраўніцтва сельвыканкама арганізавала работу з насельніцтвам па правядзенні суботнікаў, падчас якіх наводзіцца парадак на могілках. Прыбіранне арганізавана ў кастрычніку на могілках у аграгарадку Тальмінавічы. Яшчэ адзін прыклад, калі агульнымі намаганнямі добраўпарадкуюцца месцы памяці і смутку, – каталіцкія могілкі ў Ляхавічах, дзе таксама сіламі гараджан у кастрычніку праведзены суботнік.
Пажадана, каб і іншыя падтрымалі ініцыятыву неабыякавых землякоў.
Памяць павінна быць чыстай.

Наталля МАСЛОЎСКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела
архітэктуры, будаўніцтва
і ЖКГ райвыканкама.