Плюс і мінус святлодыёда. На Ляхавіччыне працягваецца замена газаразрадных лямпаў вулічнага асвятлення на святлодыёдныя

На Ляхавіччыне працягваецца замена газаразрадных лямпаў вулічнага асвятлення на святлодыёдныя. Комплекс работ фінансуецца за кошт сродкаў абласнога бюджэту, а іх выканаўцам з’яўляецца Ляхавіцкі РЭС.

Гэта планавая і даволі маштабная як па аб’ёмах, так і часе выканання работа. Разлічана яна на больш чым два гады і, як паведаміў рэдакцыі «ЛВ» начальнік Ляхавіцкага раёна электрычных сетак Віктар Станкевіч, да завяршэння 2025 года належыць пераабсталяваць сетку вулічнага асвятлення населеных пунктаў раёна святлодыёднымі прыборамі.

Іх – свяцільняў – у аграгарадках і вёсках Ляхавіччыны ў цэлым налічваецца каля дзвюх з паловай тысяч. У большасці выпадкаў пакуль гэта святлопрыборы газаразраднага тыпу. З пазіцыі сучаснага дня іх нельга назваць энергаэканамічнымі. Таксама як і асабліва карэктнымі ў рабоце: здараецца «міргаюць», нярэдка выходзяць са строю. Ды і ўвогуле ўяўляюцца ўчарашнім днём электратэхнічнага прагрэсу. Па меншай меры эканамічны, экалагічны, у разы больш рэсурсны святлодыёд ім не канкурэнт. Да таго ж дыёды даюць больш камфортнае асвятленне, якое па святлоўспрыманні з’яўляецца набліжаным да натуральнага.
Работы па пераходзе на святлодыёд пачаліся ў раёне ў трэцім квартале бягучага года. «Новае» святло вуліц ужо атрымалі жыхары вёскі Галаўнінцы. Напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі дыёд заззяў на адной з вуліц вёскі Набярэжная, а, напрыклад, ужо ў першы пасля нядаўніх працяглых выхадных дзень ён асвятліў некаторыя лакацыі ў вёсцы Задвор’е.


Пачатыя ўлетку работы працягваюцца. Да завяршэння бягучага года запланавана пераўстанавіць у раёне тысячу вулічных свяцільняў дыёднага тыпу.
Над выкананнем задачы штодзённа працуе брыгада спецыялістаў Ляхавіцкага РЭС. Вадзіцель аўтамабіля-вышкі,
тандэм электраманцёраў пад кіраўніцтвам лінейнага майстра за працоўны дзень могуць пераабсталяваць да двух дзясяткаў ліхтароў вулічнага асвялення.
– Тэмпы залежаць ад адлегласці размяшчэння населенага пункта, ад таго, што мы называем канфігурацыяй лініі электраперадачы. Можа быць 20 кропак, а можа і ўдвая менш. На жаль, не заўсёды ёсць магчымасць выканаць замену без адключэння падачы электрычнай энергіі. За што Ляхавіцкі раён электрычных сетак яшчэ раз прыносіць жыхарам вёсак і аграгарадкоў свае прабачэнні, – гаворыць Віктар Станкевіч.
Пра некаторыя з плюсаў новых ліхтароў вулічнага асвятлення размова ўжо ішла. А што ў мінусах? Іх вызначыць дастаткова складана. Параўнальна высокі кошт дыёдных святлопрыбораў?
Магчыма, аднак, гэты мінус з часам мяняе палярнасць – становіцца плюсам за кошт меншай аплаты рахункаў за спажытую электрычную энергію.

Іван КАВАЛЕНКА.