Новая глава зорнай гісторыі. Ляхавічанін прымае ўдзел у праекце АНТ «Зорны шлях»

Здаецца, яшчэ нядаўна ляхавічане шчыра балелі за нашу таленавітую зямлячку Надзею Цямчык, якая ярка і незабыўна праявіла сябе ў праекце АНТ «Зорны шлях». А ў лістападзе зноў Ляхавіччыну захлынула хваля эмоцый і падтрымкі.
На гэты раз сцэну зорнага праекта пакараў Андрэй Цямчык.

З нецярпеннем ляхавічане чакалі другога сезона, а яшчэ дакладней – другога выпуску тэлеперадачы, каб не толькі атрымаць асалоду ад выступлення земляка, але і накіраваць яму пажаданні трапіць у паўфінал і атрымаць перамогу. У другім выпуску на сцэну выйшлі прадстаўнікі Брэстчыны.
У хвіліны выступлення Андрэя землякі літаральна прыліплі да экранаў, пра што сведчыла, здаецца, безліч сторызаў і рылзаў, а пасля і каментарыяў у інстаграм і не толькі.
На гэты этап музычных іспытаў каманда настаўніка Андрэя Гузеля выбрала для выканання песню «Дождж» Батырхана Шукенава. Лірычны і глыбокі твор, які Андрэй Цямчык пражыў на сцэне. Эмацыянальна! Гэта было на піку магчымага і немагчымага. Шчырасць выканання і аксамітны вакал дазволілі Андрэю атрымаць запаветную зорку ад Вікторыі Алешка, якая і падарыла пуцёўку ў паўфінал. А ад нашага земляка журы праекта чакае яшчэ большага творчага дыяпазону здольнасцей. А тое, што ён з гэтым справіцца, мы не сумняваемся.
Фінальная сцэна нумара была асабліва шчымлівай. На сцэне так прыгожа з’явілася другая палова, таксама бязмерна творчая, – жонка Надзея. І ў сугуччы ўсіх акалічнасцяў гледачы забыліся пра конкурснасць праекта і сачылі за гісторыяй кахання. На гэта здольны толькі сапраўдныя пачуцці і творчасць ад душы.
Акрамя Надзеі, хвіліны выступлення і радасці ад перамогі раздзяліў і сын Ягор. У паўсядзённым жыцці Андрэй – метадыст аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Таму мора самых шчырых эмоцый і слоў падтрымкі адрасавалі і калегі.
«ЛВ» паспеў задаць некалькі пытанняў пасля выхаду эфіру, бо літаральна праз пару дзён Андрэй паедзе ў сталіцу. Наперадзе паўфінал і, як прыадкрыў тайну наш зямляк, нумар плануецца не менш яркім, атмасферным і запамінальным. Каманда Андрэя Гузеля паспела ўжо і песню падабраць, і распрацавала канцэпцыю выступлення. А вось
раскрыецца інтрыга толькі падчас наступнага эфіру.
Лёс непрадказальны і невыпадковы, у гэтым упэўнены Андрэй:
– Я марыў прыняць удзел у такога маштабу праекце, але заўжды былі нейкія «але». Цяпер лёс на маім баку. Па-першае, «Зорны шлях» сапраўды іншы свет, гэта не звыклая для мяне сцэна, дзе заўжды адчуваў сябе сваім. Хутчэй, свет, дзе сябе пазнаеш, і цябе, у добрым сэнсе гэтага слова, прымушаюць мяняцца і ствараць лепшую версію сябе. Ці ўяўляю, куды трапіў? Не! І да апошняга не разумею. Гэта каласальная праца над сабой. Гэта не проста выйсці і выканаць песню – яе трэба пражыць. А над гэтым, акрамя самога артыста, працуе цэлая каманда прафесіяналаў – прадзюсар, выкладчык па вакале, харэаграфіі, адточвалі і акцёрскае майстэрства. Я разумею, што кожная праспяваная фраза – гэта асобная эмоцыя, і гэтай эмоцыі павінен паверыць глядач. Значыць, кожнае слова павінна быць прапушчана праз сэрца.
Выступленне – гэта само па сабе выпрабаван-не. І не толькі на майстэрства, гэта і ўменне сканцэнтравацца, сабрацца з думкамі. Папярэд-нія выступленні журы ацаніла на максімальны бал. Андрэй прызнаецца, у нейкія хвіліны і не верыў, што журы дасць яго версіі «Дажджу» максімальны бал. Але ж і гэтага аказалася не дастаткова, каб упэўнена ўвайсці ў фінал.
– Калі Вікторыя Алешка агучыла маё імя, не паверыў. Эмоцыі проста ўзялі верх. І, канешне, гэту радасць раздзяліў з самымі роднымі –
сям’ёй, камандай, што стала блізкай, і калегамі, без падтрымкі якіх было б нялёгка. Варта адзначыць, што гэты нумар быў бы не такім пяшчотным, калі б не мая Надзея. І на сцэне, і ў жыцці разам. У нашай задумцы яе з’яўленне – гэта сімвал заўсёднай апоры і падтрымкі, – гаворыць Андрэй.
Сама Надзея прызнаецца, што гэты сезон перажыла ўдвая хвалююча:
– Ведаю сама, наколькі складана даецца трансфармацыя, часам цяжка выйсці за камфортныя межы. Я разумела і адчувала, што трэніроўкі даюцца няпроста, чым бліжэй былі здымкі, тым больш патрабавалася мая ўпэўненасць у тым, што Андрэй справіцца. Для мяне ён галоўная зорка, Андрэй доўга ішоў да мары і дастойны перамогі. Парада ад мяне была такая: «Успрымі ўдзел як лепшую прыгоду ў жыцці, вучыся ў лепшых і вер у сябе».
– Эфір глядзелі ў коле самых блізкіх – з сям’ёй і салістамі калектыву «ВІНС-акорд». Для мяне гэта быў яшчэ адзін іспыт, паколькі заўжды самакрытычны. Шмат заўважыў, прааналізаваў, што так, а што трэба падцягнуць. Але ж падтрымка блізкіх зрабіла сваю справу. Тэлефон увогуле разрываўся ад віншаванняў. Таму шчырае дзякуй за кожнае добрае слова, гэта так прыемна і неабходна! Для мяне важна не падвесці сям’ю «Музычнай медыякампаніі». Разумею, колькі сіл пакладзена на развіццё артыстаў, колькі ідэй яны падарылі, колькі эмоцый дзеля нас, тых, хто шчыра любіць творчасць, – гаворыць Андрэй.
А мы абяцаем і далей трымаць у курсе падзей гэтай зорнай гісторыі. Няхай усё спраўдзіцца!

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.