Узровень актыўнасці высокі. Вечарам 5 лютага ў Жарабковіцкім СДК было асабліва шматлюдна

Вечарам 5 лютага ў Жарабковіцкім СДК было асабліва шматлюдна. Жыхары розных населеных пунктаў Жарабковіцкага сельсавета прыехалі-прыйшлі на сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.

Па зацікаўленасці ўдзельнікаў дыялогу «ўлада – народ», запоўненай зале, размовах, што вяліся яшчэ да сустрэчы, было відавочна – размова абяцае стаць сур’ёзнай.
Калі ўлічыць, што Жарабковіцкі сельсавет адзін з самых шматлікіх (тут пражывае 2 274 чалавекі), праблем, якія неабходна вырашаць, хапае.
Што найбольш хвалюе тутэйшых жыхароў? Пытанні пасыпаліся адразу пасля выступлення старшыні Жарабковіцкага сельвыканкама Ігара Віхноўскага, для якога мінулы год стаў дэбютным у якасці выконваючага абавязкі кіраўніка сельскага
Савета дэпутатаў.
Калі навядзецца парадак па вуліцы Савецкай у Жарабковічах, у прыватнасці, каля дома № 3, дзе лужына пасля дажджоў і раставання снегу нагадвае міні-басейн, падтопліваецца двор, машыны
не могуць па вуліцы праехаць, а людзі прайсці. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што гэтае пытанне, як і іншыя, будуць абавязкова ўзяты на кантроль, і прымуцца меры па іх вырашэнні. Работы на ўказаным участку пачнуцца, як толькі дазволяць умовы надвор’я. Недастатковасць вулічнага асвятлення на вуліцы Піянерскай у Зарытаве, знос неэксплуатуемых пабудоў у гэтым жа населеным пункце – тэмы, якія ўзняла мнагадзетная маці.
Падрабязны алгарытм зносу пустуючых пабудоў нагадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які неаднойчы вырашаў такія пытанні, калі на працягу сямі гадоў узначальваў Крывошынскі сельсавет.
Загадчык паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Анатолій Панько расказаў пра работу Жарабковіцкага фельчарска-акушэрскага пункта і назваў гэту ўстанову аховы здароўя адной з лепшых на Ляхавіччыне, а загадчыцу ФАПа Святлану Сакалоўскую, якая ўзначальвае ўстанову амаль тры дзесяцігоддзі, – прыкладам прафесіяналізму. Грамадзяне пацікавіліся, наколькі рэальна атрымліваць на Жарабковіцкім ФАПе паслугі зубнога фельчара ці ўрача, бо за стаматалагічнай дапамогай даводзіцца дабірацца ў Ляхавіцкую паліклініку ці Падлескую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Кіраўніцтву Ляхавіцкай ЦРБ даручана вывучыць прапанову.
Амаль пасля кожнага выступлення гучалі прапановы, пажаданні, пытанні ад зацікаўленых вяскоўцаў.
У прыватнасці, станоўча ацэнена работа новага дырэктара
ААТ «Жарабковічы» Андрэя Новіка. А сярод асноўных пастаўленых перад кіраўніком гаспадаркі задач агучана неабходнасць рамонту будынка Жарабковіцкага СДК.
З радасцю ўспрынята навіна, што першыя крокі ў рамонце ўстановы культуры пачнуцца ўжо сёлета.
Напэўна, добрай навіной для жыхароў Зарытава стаў адказ
начальніка раёна электрасетак Віктара Станкевіча па пытанні будаўніцтва дадатковай падстанцыі ў гэтай вёсцы. Такіх падстанцый плануецца пабудаваць тры, каб разгрузіць аб’ём спажывання электраэнергіі.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк і начальнік ДРБУ-200 Максім Муха расказалі, што сёлета запланавана замена дарожнага асфальтавага пакрыцця на вуліцах Сваятычаў агульнай працягласцю 1,7 кіламетра. Увогуле, што тычыцца дарог, то Мікалай Мароз заклікаў прысутных набрацца цярпення і расказаў, што на 2024 год павялічана бюджэтнае фінансаванне дарожнага рамонту ў Ляхавіцкім раёне. Павелічэнне колькасці разоў вывазу
цвёрдых бытавых адходаў, магчымасць самастойнага вывазу ЦБА на пункт прыёму ў Грушаўцы, якасць пітной вады, работа
станцыі абязжалезвання – кола пытанняў да дырэктара
КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Кожны зварот падрабязна раза-
браны, па некаторых адразу дадзены адказы, іншыя ўзяты на кантроль. Дарэчы, людзі і пасля завяршэння не спяшаліся разыходзіцца, падыходзілі да кіраўніцтва раёна, службаў, задавалі пытанні і атрымлівалі адказы.

Галіна КАНЬКО.