Амністыя для нерухомасці. Як паспець узаконіць дом ці гаспабудову

Дзеля зручнасці афармлення адміністрацыйных працэдур, якія
не ажыццяўляе сельвыканкам, служба «Адно акно» раз у месяц выязджае ў населеныя пункты раёна. Так, у пятніцу, 17 лістапада, галоўны спецыяліст сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Юлія Кунцэвіч з 9 да 12 гадзін правядзе выязны прыём у Крывошынскім сельвыканкаме. У снежні на чарзе – Жарабковіцкі сельвыканкам.

Адна з запатрабаваных працэдур сярод жыхароў Ляхавіччыны – афармленне дакументаў на ўзвядзенне і рэканструкцыю жылых дамоў і капітальных канструкцый на прыдамавой тэрыторыі, выдача актаў на ўвядзенне жылых дамоў у эксплуатацыю. У мінулым месяцы на афармленне гэтай працэдуры ў «Адно акно» пададзена 26 заяў, адзначае спецыяліст па рабоце з дакументамі Алена Леснік.
Сярод папулярных запытаў і ўзаконьванне маёмасці – выдача актаў прыёмкі ў эксплуатацыю аднакватэрнага жылога дома ці нежылых капітальных пабудоў пятага класа складанасці на прыдамавой тэрыторыі, якія ўзведзены ці рэканструяваны без наяўнасці дазвольнай дакументацыі. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 253 ад 25 ліпеня 2022 года «Аб спрошчаным парадку прыёму ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва» дазваляе мясцовай уладзе ўзаконьваць незаконна ўзведзеныя ці рэканструяваныя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Але выключна да 1 студзеня 2025 года. Такая «амністыя на нерухомасць» датычыць толькі тых аб’ектаў будаўніцтва, узведзеных (рэканструяваных) грамадзянамі на зямельных участках, правы на якія ў іх узніклі да 1 верасня 2022 года і прызначаных для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў.
– Дакумент дазваляе прыняць у эксплуатацыю аб’екты, узведзеныя да 1 верасня 2022 года. Аднак ніхто не адмаўляе адпаведнасць будаўнічым нормам і горадабудаўнічай дакументацыі ў частцы выканання нарміруемых разрываў ад межаў зямельнага ўчастка да ўзведзеных ці рэканструяваных аб’ектаў і патрабаванняў па размяшчэнні аб’ектаў. Варта ведаць, што той, хто не паспее легалізаваць нерухомасць, па-ранейшаму будзе лічыцца парушальнікам, – удакладняе галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Алена Міклашэвіч.
Дарэчы, у раёне заявы на спрошчаны парадак узаконьвання дамоў
ці капітальных пабудоў, на якія не патрабуецца праектна-каштарысная дакументацыя, падалі з пачатку года не менш за сто чалавек.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.