Пайшла легенда…

9 снежня перастала біцца сэрца паважанага Уладзіміра Васільевіча Пракапенкі – апошняга на Ляхавіччыне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны.
Для газетчыкаў кожная сустрэча з Уладзімірам Васільевічам была цікавай падзеяй. Жыцця-
радасны і энергічны, ён заўсёды быў рады гасцям. А як ён маладзеў сярод школьнікаў і сваімі расказамі пра ваенныя шляхі-дарогі вучыў цаніць мір і незалежнасць. Любіў паўтараць, што мір – гэта жыццё.
У памяці ўсіх, хто яго ведаў,Уладзімір Пракапенка назаўсёды застанецца жыццярадасным і добрым чалавекам, цікавым расказчыкам.
Салдатам Уладзімір Пракапенка стаў у 19-гадовым узросце, служыў у кулямётнай роце 101-га стралковага палка 4-й стралковай Бежыцкай дывізіі. Вызваляў Гомель і яго вёскі,
разам з аднапалчанамі фарсіраваў Сож. Тады ж быў паранены, і не аднойчы. Пасля шпіталя вывучыўся на бранябойшчыка, затым – на сапёра. Ваяваў на Карэльскім фронце ў Свірскай брыгадзе, пра якую шмат расказваў. Нарвегія, Запаляр’е, Далёкі Усход – франтавы шлях Уладзіміра Пракапенкі закончыўся ў 1947 годзе. За мужнасць і адвагу не раз быў удастоены Падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалямі
«За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Савецкага Запаляр’я».
Пасля вайны ў працоўнай біяграфіі Уладзіміра Пракапенкі былі настаўніцтва і дырэктарства ў Мядзведзіцкай СШ, займаў таксама пасаду намесніка загадчыка райана.
Цудоўнага і добразычлівага педагога любілі і паважалі вучні, з радасцю ішлі на яго ўрокі матэматыкі. Адбыўся ў прафесіі, што пацвярджаюць адзнакі «Выдатнік народнай адукацыі БССР» і «Выдатнік асветы СССР». 
У вясенні дзень 22 мая землякі сардэчна віншавалі паважанага жыхара вёскі Ганчары з 99-годдзем. І вельмі спадзяваліся, што будзе і запаветная сотня… Вечная памяць, паважаны і дарагі Уладзімір Васільевіч.


«Ляхавіцкі веснік» шчыра смуткуе з выпадку смерці ветэрана і спачувае родным.